Галоўная » 2010 » Апрель » 11 » Барысаўшчына
Барысаўшчына

БАРЫСАЎШЧЫНА

Вёска ў Калацiцкiм сельсавеце за 10 км на паўноч ад Глуска, 25 км ад чыгуначнай станцыі Ратміравічы на лініі Бабруйск-Акцябрскі, 184 км ад Магілёва, на захадзе мяжуе з лесам, на ўсходзе рака Пціч (прыток Прыпяці). Паблізу аўтадарога Глуск-Дачнае. 57 гаспадарак, 106 жыхароў (2007).

Па пісьмовых крыніцах вядома з 1597 г. як сяло Барысавічы ў Глускай воласці Новагрудскага павета Вялікага Княства Літоўскага, шляхецкая ўласнасць, 6 гаспадарак.

У 1626 г. у складзе маёнтка Глуск Дубровiцкi Глускай воласцi Навагрудскага павета Навагрудскага ваяводства.

У 1790 г. 36 двароў, уваходзiла у Рэчыцкi павет Мiнскага ваяводства ВКЛ, цэнтр маёнтка, ўласнасць пана Воўк-Ланеўскага.

3 1793 г. у складзе Расiйскай iмперыi, вёска Бабруйскага павета.

У 1847 г. 15 двароў, 115 жыхароў. Мелася каталiцкая каплiца.

У 1897 г. ў Гарадкоўскай воласцi, 34 двары, 256 жыхароў, побач быў аднайменны маёнтак, 7 двароў, 71 жыхар, меўся вадзяны млын.

У 1907 г. у сяле 57 двароў, 282 жыхары, у маёнтку 55 жыхароў.

У 1917 г. у сяле 73 двары, 406 жыхароў (з iх 2 палякi), у маёнтку 67 жыхароў.

У 1921 г. дзейнiчаў вадзяны млын.

У 1923 г. да вёскі далучаны вял. ўчастак былой памешчыцкай зямлі.

У 1926 г. у вёсцы 83 двары, 405 жыхароў, у былым маёнтку 10 двароў, 74 жыхары.

У 1931 г. адкрыта 4-гадовая школа і арганізаваны калгас «Чырвоная ніва», якi у 1932 г. аб'ядноўваў 30 гаспадарак, а у 1940 г. меў 934 га сельскагаспадарчых угоддзяў, у т.л. 315 га ворнай зямлi.

У Вялікую Айчынную вайну нямецка-фашысцкія акупанты загубілі 5 жыхароў. 35 вяскоўцаў загінулі на фронце, на ўшанаванне іх памяці ў цэнтры вёскі ў 1968 г. пастаўлены абеліск.

Паводле перапісу 1970 г. 374 жыхары.

У 1986 г. 106 гаспадарак, 195 жыхароў, магазін.

У 1996 г. 88 двароў, 141 жыхар. У складзе эксперыментальнай базы «Глуск».

Планіровачна складаецца з працяглай, плаўна выгнутай, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход вуліцы. Забудова двухбаковая, няшчыльная, драўляная, сядзібнага тыпу.

За 2 км на поўдзень ад вёскi, на левым беразе р. Камарынка (прыток р. Пцiч), захаваўся бескурганны могiльнiк бронзавага веку.

Па кнігах "Памяць. Глускі раён"( Мінск, БЕЛТА, 1999) і "Гарады і вёскі Беларусі. Энцыклапедыя. Т. 5. Кн.1. Магілёўская вобласць” ( Мінск, "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, 2008)





Калатичский сельсовет (11) | Просмотров: 1487 | Добавил: Vladmin
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: