X. Літаратурнае апраўданне

 Праглядаючы мае вершы, Франціш Багушэвіч зрабіў увагу, што ў мяне не ўсюды бываюць уласцівыя беларускай мове акцэнты. На гэта я яму адпісаў:

 

У гаворцы ёсць ружніца

Між маею і Тваей:

Маей — пушчы, Птыч33 граніца,

Ты— Панарскі салавей!..

 

Гэта значыць: у Беларусі ёсць многа асобных дыялектаў-гутарак, і ў гаворцы між Магілева над Днеправым Мозырам і Гродняй бывае вялікая розніца не толькі ў акцэнтах, але ёсць і многа цікавых правінцыяналізмаў. От, напрыклад, некалькі нашых палеска-беларускіх правінцыяналізмаў,— ручаюся, што іх у віленска-гродзенскай беларускай мове або саўсім не ўжываюць, або ўжываюць рэдка. «Нашчадзь» — патомства, будучае пакаленне; «нішком» — ціхачом, пакрыёму, хаваючыся; «плён» — расток, малады белы карэньчык пры зярне і шмат іншых.

 Мне перш за ўсё ідзе аб тое, каб выказаць, што я хачу, каб пачулі мысль маю і каб словы карэнныя беларускія пры помачы нашай літаратуры атрымалі як найшырэйшае абывацельства. I дзеля гэтага я не сцясняю свайго дыялекту, ужываючы словы і звароты агульнабеларускія. Гэтак паступаючы, я кладу ў літаратуру свой прыродны дыялект беларускай мовы, даючы найлепшае з яго. У канцы невядомай яшчэ, каторы дыялект беларускі пераможа. У Францыі — спярша дыялект правінцыі Lanque d’Ос меў перавагу ў французскай літаратуры, а пазней Lanque d’Оui — цяперашняя французчына. Гэта трэба памятаць і нашым літаратарам і пурытанізмам не забаўляцца!

XI. Спас 20/VII 1904

 «Прыйшоў Пятрок — апаў лісток; прыйшоў Ілля — апала два; прыйшоў Спас — усяму час».

 Сягонняшні дзень умацаваўся ў маёй памяці: першы раз пачуў я, як да мяне сказана: «Дзеду, дзедку!» Было гэткае здарэнне: пад вечар зайшоў я да майго даўнага суседа, п. Сымона Легатовіча, і трапіў там на дажынкі. П. Сымон, маючы добрую грамаду работнікаў да аплаты і пачастунку, саваў каждаму ў рукі квіток на заробленыя грошы і, нічога не кажучы, ішоў далей. Пісьменнага ў гэтай грамадзе нікога не было, а я апынуўся між сялянамі, дык пачалі спярша па аднаму, пасля грамадой звяртацца да мяне: «Дзеду, дзедку,— прачытайце!» Ста-расць міла з гэтым павітаннем мне ўсміхнулася; збудзіўся добры гумар... Пайшоў шукаць я гожую паненку Маню Легатовічанку, каб «дзеўкі краснай ручкі белы» ўрачылі мой свежа атрыманы патэнт на старэчую павагу «Дзеда». Sclavus saltans33, а аднак неяк міла,— чую ў сабе славяніна. Народ рабочы заўзята танцаваў у слаўнай залі Зарэцкага палацу, брала ахвота і мне патанцаваць, але ўражанні былі іншага зместу.

 Зарэчча памятаю з тых часоў, калі я быў такі маленькі, што прысмакі мне на крэсле, а не на стале стаўлялі. Пасля не быў там лет колькі-наццаць... Зарэчча — гэта толькі частка Глускага графства; атрымаў яго п. Кароль Нерэзыуш за дакананне вельмі цікавай справы, так званай эксдывізіі Глускай. Але, дзеля ўдзячнасці і пашаны да п. Кароля, раскажу аб ім асобна.

 Герб Нерэзыушоў — гэта крыж і месяц маладзік — здаецца Сzоrуjа. Апошняя з гэтага дому Станіслава Легатовіч пыталася ў мяне, ці не ведаю чаго аб яе родзе. От жа: паводле апавядання самога Кароля Нерэзыуша, быў ён рэгентам пры Новагрудскім судзе, пасля нейкі час працаваў у натарыуса і ўзяў пасля смерці дзеда майго, Юзефа Абуховіча, справы і маетнасць. Дзед мой сардэчна яго палюбіў, а св. памяці бабка мая цярпець яго не магла. Было гэта каля 1825 года, часы былі добрыя, і п.Кароль, «Нарулёнкам» празываны ад дзеда майго, добра ўладзіўшы свае маёнткавыя справы, хацеў выкупіць ад маршалка Філіпа Абуховіча Капцэвічы, адвечную Абуховічаўскую маетнасць, каб толькі дзед мой гэту маетнасць ад яго прыняў і прыпаручыў яму справу належачага нам Стальянскага спадку34 па Бандзінеліх і зацверджанне графскага тытулу. Тут нахлынулі важнейшыя здарэнні: выбухла паўстанне. На Беларусі азбраіваліся і ла дварох муштраваліся (муштры адбываліся ў Маложэве, гэтая мясцовасць у хронікароў называецца Акунёўкай,— там Вітаўт35 пабіў татараў, цяпер Акунёўка — ручаёк, аддзяляючы ўрочышча Маложэва ад вёскі Акунёўкі). Нехта непатрэбны падгледзіў гэтыя прыгатаўленні і даў данос. Падазравалі ў даносе чыноўніка п. Міткевіча і генерала Гатоўскага, але гэты апошні быў чалавек шанаваны, хоць маскаль, і адкрыта агрызаўся з дзедам маім. Міткевіч такжа меў добрую славу, дык, мабыць, нехта трэці паспяшаўся асцерагчы ўласці. Пасля гэтага даносу прыказана было капітану Бехамо арыштаваць майго дзеда, што прыйшлося рабіць аружнай рукой, бо люднасць сялянская стала адпорна, за-барыкадавалася ў дварэ, з прыроды даволі недаступным, і пачалася страляніна. Забітых не было, але з абодвух старон некалькі душ ранена. П. Кароль скланіў тады дзеда да капітуляцыі, бо ўтрымацца доўга нельга было, а з глаўнага плацу падышлі непамысныя весткі. Забралі тады старычка падкаморчыца, і хоць жыў яшчэ гады чатыры, але свабоды ўжо не бачыў.

 Роля парламентара не прайшла п. Каролю насуха: казак, не пазнаўшыся на яго тагды святым і недатыкальным характары, сперазаў яго чатыры разы нагайкай, за што казака высеклі, а п. Каролю так з'яднала гэта маскоўскую стар-шызну, што яго прызналі адміністратарам ад правіцельства над маетнасцямі майго дзеда. 3 апякунства п. Нерэзыуш вывязаўся як найсумленней. Дзед мой вызнае гэта ў тэстаменце36 і запісвае свайму «Нарулёнку» тысячу дукатаў.

 У гэтым часе сталася нейкая таемная справа, аб пачатках каторай магу толькі дадумвацца і дзеля гэтага буду гаварыць толькі аб скутках37 яе.

 Быў нейкі чалавек, бацька мой з нейкай трывогай называў яго «Пёровіч», а Нерэзыуш — «Пёрка, каторага я здаў у рэкруты», але гэнае пёрка, відаць, было ўстрэмлена ў нейкае балючае месца, бо п. Кароль не будаваў свайго палацу ў Зарэччы датуль, пакуль не даведаўся, што Пёркі ўжо няма на свеце. Сяляне яго вельмі ждалі, нейкія надзеі загараліся ў іх пры ўспамінах аб ім, але ўсё гэта пакрыта было таемнасцю. Пёровіч, уцёкшы з салдатаў, укрываўся; — начамі ён часам прыходзіў да майго бацькі, што зазвычай было прычынай вялікага перапалоху. Казаў заўсёды, што памсціцца на панох. Каля Солетнік часцей паяўляўся і там ён загінуў. Расказваюць: утапілі яго па загаду майго дзядзькі. Быў гэта, мабыць, чалавек незвычайны, калі, будучы банітам, вынятым з-пад права, праз 20 гадоў трымаў у гразе амаль цэлы павет. I хоць паходзіў з сялян, але быў чалавекам вельмі адукаваным, уроды гожай, мілы і красамоўны. Захаванне між сялянамі меў незвычайнае. Насіўся з нейкімі рэфарматарскімі планамі і для сваёй справы еднаў прыхільнікаў між сялянамі толькі. Па смерці Пёровіча яго рэфарматарскімі планамі зацікавілася жандармерыя, было следства. Сяляне адчапіліся нічога не веданнем, шляхта не рада ішла на гутаркі аб сваім ворагу. Следства скончылася зданнем ў салдаты двох нічым нявінных сялян. Расказвалі сяляне ў вялікай тайніцы аб нейкіх «граматах», недзе пераховываных у вучнёў Пёровіча. За год 10—15 справа гэта саўсім заглохла.

 Па дойсцю да поўналетнасці бацькі майго п. Нерэзыуш злажыў з сябе павіннасць апекуна над Абуховічаўскімі маетнасцямі і прыняў інтарэсы маршалка Рудзееўскага (гэтага роду не трэба мяшаць з Радзееўскімі). П. Кароль ажа-ніўся з Ідаліей Юдыцкай, апошняй дзедзічкай38 Глуска. Ключ Глускі быў Юдыцкімі вельмі абдоўжан і перайшоў ужо некалькі эксдывізій, але п. Кароль дагледзіў, што першая з гэтых эксдывізій, на каторай апіраліся ўсе пазнейшыя, мела нейкія нефармальнасці і не была зацверджана. Ён падняў гэтае пытанне і даў довад да ўтварэння эксдывізіі папраўчай Глускай. Учасце ў ёй прынялі людзі вельмі часамі падозрэнай славы, як Юзеф Свіда, Ігнат Тукало (цётачна-Зродны брат маей бабкі Альжбеты з Венцлавовічаў Естковай. Естко — экслегіяніст, каторы здабыў на вайне разам з лаўрамі Напалеонскімі грамад-ную суму наполеондараў) — і іншыя, а найгоршым быў маршалак Бжозоўскі, банкарт аднаго з Юдыцкіх, каторы адпрысягнуў праўнасць скрыптаў39 натуральнага свайго бацькі, выданых ахмістрыні Бжозоўскай, гэта значыць, сваёй матцы, аб каторых агульнавядома, што былі фікцыйныя. Гэты Бжозоўскі быў бацькам знанага за нашых часоў Міхаіла Бжозоўскага (рожд. са Здзехоўскай), каторы слыў з бясчэльнасці і досціпу. Хацеў яго адзін раз дакарыць п. Юзеф Свіда і, папярэдзіўшы аб гэтым чысленую кампанію, кажа да ўхадзячага Бжозоўскага: «Як маешся, пане Юдыцкі?» — «Здароў, гадуюся, пане Ванковіч!» — адказаў Бжозоўскі. Мне здаецца, што лепей зрэзаць не можна! Прыпамінае мне гэта анекдотку, чутую ў Францыі: кароль Генрых IV сустрэў нейкага шляхціца, саўсім да сябе падобнага, дык, стукаючы яго па плячу, пытаецца: «Скажы, васпан, ці твая матка была пры дварэ майго бацькі?» Шляхціц адказвае: «Не, найяснейшы каралю, мой бацька быў лёкаем пры яе міласці каралеве, матцы вашай міласці».

 Але, вяртаючыся да Нерэзыуша і эксдывізіі, скажу, што п. Кароль з гэнай мутнай вады ёмкую рыбу вылавіў: суд абмінуў крэдытароў Юдыцкіх, Фастовічы выдзеліў Бжозоўскаму, а Зарэчча асталося для п. Рудзееўскай і перайшло да Нерэзыуша невядомым нейкім парадкам,— кажу невядомым, бо памятаю гэткую справу.

 Зімою 1847 года адбывалася вельмі пышнае вяселле панны Анелі Естко, дачкі Якуба. Была гэта багатая едыначка, свецка адукаваная, саўсім прыстойная. Я спадзяваўся для яе бліскучай партыі, тым часам яна выйшла за Оттона Ёдку; чалавек ён быў не быстры, але добры. Пан Якуб Естко быў гэта чалавек багаты, паважаны і з шырокімі стасункамі, меў нейкі вышэйшы ўрад ад выбараў і быў пры гэтым адным з глаўных мецэнатаў Едноты Кальвінскай; меў сваякоў, прыяцелеў і знаёмых даволі, дык і паклікаў усіх на вяселле сваёй едыначкі. Сярод марозаў і бур вельмі вострай зімы 47-га года тры, нават чатыры губерні Беларускія рушылі на вяселле ў Турына, у Ігуменскі павет. Біскуп номінат мінскі кс. Рава прыехаў даваць шлюб. Між іншым быў гэта адзін з найбольш агранічаных ксяндзоў у Мінскай дыццезіі40. Цар Мікалай хацеў яго канечна зрабіць біскупам і тры разы прадстаўляў Сталіцы Апостальскай, але дармо. На шлюбе кс. Рава меў мову, пачынаючуюся ад слоў: «Рука руку мые, а якая ж міласць ёсць між рукамі? Нага нагу падпірае, а якая ж міласць паміж нагамі?» і г. д.

 Дык вяселле Турынскае было вельмі гучнае. Паўтараста асоб з розных старон сабралася, і цэлы тыдзень банкетавалі, да нядаўна яшчэ можна было чуць розныя аб ім успаміны. Само сабой, калі далей буду спісываць свае ўспаміны, то яшчэ калісь нешта аб гэтым вяселлі напішу, бо мела яно шмат чаго цікавага з абычаёў вясельных даўных, што цяпер ужо пазабыты. На вяселлі былі і бацькі мае. Была такжа і грабіна41 Юдыцкая з дачкой сваёй, паняй Рудзееўскай. Так мая матка, як і пані Юдыцкая, былі Есткоўны з дому і сустрэліся ў Турыне па доўгім часе разлукі з сабой. Вяртаючыся з вяселля, заехаліся яны ў Калатычы і тут найнеспадзяванне для сябе даведаліся, што Зарэчча не іх уласнасць, а што яно належыць да Нерэзыуша.

XII. Дзяды

 Увосені народ наш святкуе паганскае яшчэ свята Дзядоў. Хрысціянізм заўсёды шанаваў гэтае свята, каторае ўлівала народу веру ў бяссмерце душы. Вёскі, не зважаючы на непагадзь, пануючую ў гэтым часе, маюць святочны выгляд. Сцены ў гасподах вымыты да бела, каб душы дзядоў маглі з уцехай прыбліжацца да вокан і ўглядацца радасна на бяседуючых сваіх нашчадкаў. Мыслі кружацца і налятаюць, як чалавек аб гэтым падумае: можа гэтаксама на-лятаюць і кружацца наўкол духі дарагіх нашых нябожчыкаў? Dе Сhаtеаubriand42 заклінае цені каралёў французскіх, каб не падходзілі да занечышчанай магілы ў S-t Dеnіs і каб не заглядалі ў змарнаваную бацькаўшчыну. Загадвае каралю засягаць муравы вясковых магілак.

 Сягнуўшы мыслю, сколькі ж гэта бачыцца сяліб сягоння апаганеных, сколькі ж гэта дзядоў не мае па што заглядаць у дамовыя вогнішчы?! Сколькі ж гэта дзядоў не пазнала б сваёй нашчадзі на тэй зямлі, дзе спачываюць іх косці! Я, дзеля пашанавання сягонняшняга вечару дзядоў, выйшаў на мост, каб падумаць аб памёршай радзіне і прыяцелях. Я саўсім спакоен, нішто маіх думак не трывожыць. Няхай жа думкі мае будуць трызнай хаўтурнай дзедаўскай, маім антэнатам43.

 Прыпамінаецца мне адно здарэнне з далёкай маей мінуўшчыны. Было гэта ў Францыі, з паміж маладзёжы я адзін быў з Беларусі, дык злажыўся праект, што я павінен уладзіць трызну Дзядоў. Ахвоча на гэта прыстаў я і выступіў з пачастункам. Былі пячоныя гусі з грыбкамі, а замест крупніку — добра запраўленае lе vin сhaud44. Гэта апошняе так гумар успасобіла, а часы былі поўны ясных надзей, што пастанавілі мы зрабіць ваенную муштру, і то не пяхоты, а кавалерыі. Каждае крэсла сталася жэрабцом, капітан Ільдэфонс Коссілоўскі (эмігрант) прыняў каманду, а Валер'ян Калінка, пазнейшы ксёндз і гісторык, гарцаваў наперадзе нас. Суседкі мае думалі, што дом зваліцца, а было гэта на чацвёртым паверсе. Назаўтра меў я візыту паліцыі, але я ўвесь гэты гармідар вытлумачыў як рэч абрадавую, патрыятычную, і на гэтым вышло ўсё.

Альгерд Абуховіч. Мастак М. Вецік

 

Каментарыі