Iрына ГАНЕЦКАЯ

ГЛУСКI ЗАМАК
Гісторыя аднаго помнiка у асобах

 

ГАНЕЦКАЯ Iрына Уладзiмiраўна - кандыдат гiстарычных навук, старшы навуковы супрацоўнiк аддзела археалогii сярэдневяковага перыяду Iнстытута гiсторыi НАН Беларусi. Нарадзiлася у г. Маладзечна. Скончыла гiстарычны факулыпэт Мiнскага дзяржаўнага педагагiчнага iнстытута (1984), аспiрантуру Iнстытута гiсторыi НАН Беларусi (1989).Аўтар манаграфii «Маёлiка на Беларусi у XI-XVIII стст.» (Мн., 1995), навуковых артыкулаў. Навуковы рэдактар IV тома «Археалогii Беларусi» (Мн., 2001) (разам з В.М.Ляўко i Ю.А.Заяцам). Займаецца археалогiяй перыяду XI-XVIII стст. (город, замак, помнiкi архiтэктуры, керамiчныя вырабы), гiсторыяй культуры XI-XIII стст.

 

Ужо больш за 10 гадоў доўжыцца вывучэнне Глускага замка, помнiка гiсторыi i археалогii XVI-XVIII стст. Па вынiках даследавання замка можна напiсаць некалькi яго гiсторый: археалагiчную, архiтэктурную, дакументальную. У сваiм артыкуле аўтар звяртае ўвагу на асоб, якiя iм валодалi. Абапiраючыся на пiсьмовыя крынiцы i даныя археалогii, храналагiчна аднаўляе паслядоўнасць i высвятляе прычыны змены ўладальнiкаў Глускага замка. У лiтаратуры, прысвечанай яго гiсторыi, застаецца адкрытым пытанне аб заснавальнiку, не прасочаны парадак змены ўладальнiкаў, недакладна датуецца пераход замка ад аднаго магнацкага роду да другога. На падставе даных пiсьмовых крынiц, археалогii, геральдыкi i генеалогii, паспрабуем коратка выкласцi гiсторыю Глускага замка у падзеях i асобах.

Глуск згадваецца у пiсьмовых крынiцах XIV-XV стст. як вотчына старажытнага княжацкага роду Гальшанскiх. Яго прадстаўнiкi адыгрывалi значную ролю у гiсторыi Вялiкага княства Лiтоўскага у XIV- XVстст., прымалi актыўны ўдзел у палiтычным жыццi дзяржавы. Род Гальшанскiх карыстаўся гербом «Гіпацэнтаўр» (на гербе прадстаўлена мiфiчная iстота з торсам i галавой чалавека i тулавам каня, замест хваста - дракон, у пашчу якога накiравана страла). Родавым уладаннем гэтага княжацкага роду з’яўлялiся Гальшаны. У XV ст. Гальшанскае княства межавала з Глускай воласцю, цэнтрам якой, верагодна, быў першапачатковы Глуск (цяпер в. Гарадок).

Першым вядомым прадстаўнiком роду Гальшанскiх быў Iван Альгiмонтавiч (згадваецца у крынiцах у 1379-1401 гг.) - верны паплечнiк вялiкага князя лiтоўскага Вiтаўта. Пасля смерцi Скiргайлы Вiтаўт прызначыў яго кiеўскiм намеснiкам. За добрую службу Iван Гальшанскi атрымаў ад Вiтаўта дзве вялiкiя воласцi - Глуск i Парэчча, а таксама Дубровiцкае княства (Украiна). Iван Альгiмонтавiч меў чатырох сыноў - Андрэя, Сямёна, Аляксандра, Мiхаiла i дачку Ульяну, якая у 1418 г. стала жонкай вялiкага князя лiтоўскага Вiтаўта. Унучка Iвана Альгiмонтавiча Соф’я (дачка Андрэя Iванавiча) у 1422 г. выйшла замуж за Ягайлу. Соф’я Андрэеўна стала польскай каралевай i заснавальнiцай дынастыi Ягелонаў (нарадзiла Ягайлу сыноў Уладзiслава i Казiмiра).

Пасля Iвана Альгiмонтавiча Глуская воласць перайшла да яго сына Сямёна (?-1433), празванага Лютым. Сямён Iванавiч браў актыўны ўдзел у барацьбе за ўладу у ВКЛ памiж Свiдрыгайлам i Жыгiмонтам Кейстутавiчам на баку апошняга. У 1432 г. ён узначалiў змову супраць Свiдрыгайлы, за што быў пакараны смерцю у 1433 г., калi трапiў у палон да свайго ворага. Сямён Iванавiч меў шэсць сыноў - Андрэя, Сямёна, Данiлу, Аляксандра, Глеба i Юрыя, а таксама дачку Ульяну.

Пасля смерцi Сямёна Лютага глускiя ўладаннi былi падзелены памiж яго дзецьмi. Пiсьмовыя крынiцы сведчаць, што часткамi Глускай воласцi валодалi Андрэй Сямёнавiч, Глеб Сямёнавiч (памёр бяздзетным да 1455 г.) i Юрый Сямёнавiч. 3 гэтага часу Глуская воласць пастаянна дзялiлася памiж шматлiкiмi нашчадкамi князёў Гальшанскiх на ўсё больш дробныя часткi. Дачка Сямёна Iванавiча, Ульяна, выйшла замуж за Марцiна Гаштольда, i некаторыя родавыя землi Гальшанскiх, у тым лiку i частка Глускай воласцi, перайшлi да Гаштольдаў.

Юрый Сямёнавiч меў сыноў Iвана, Аляксандра, Васiля, Юрыя, Сямёна i дачку Ганну, якая стала другой жонкай Марцiна Гаштольда.

Пасля смерцi Юрыя Сямёнавiча у 1469 г, згодна яго волi, частка глускiх уладанняў, што належала яму, была падзелена памiж сынамi у роўных долях1. Як вынiкае з матэрыялаў судовых спраў 1507 г.2, нашчадкi Юрыя Сямёнавiча (а у дакументах фiгуруюць яго сын Аляксандр, унук Юрый Iванавiч, жонка Сямёна Юр’евiча Настасся) валодалi некаторымi вотчынамi супольна.

Сямён Юр’евiч выдаў сваю дачку Таццяну замуж за Канстанцiна Iванавiча Астрожскага, творцу перамогi у бiтве пад Оршай 1514 г. Так частка уладанняў князёў Гальшанскiх перайшла князям Астрожскiм.

Iвану Юр’евiчу адышла Дубровiца3, таму ён атрымаў да свайго прозвiшча прыстаўку Дубровiцкi i стаў пачынальнiкам асобнай галiны роду - князёў Гальшанскiх на Дубровiцы, цi Дубровiцкiх. Iван Гальшанскi браў удзел у змове супраць вялiкага князя лiтоўскага Казiмiра, за што быў пакараны смерцю у 1481 г. Яго сынам удалося захаваць зямельныя ўладаннi бацькi, у тым лiку Глуск i Дубровiцу4.

Адным з уладальнiкаў Глускай воласцi быў сын Iвана Юр’евiча, Юрый Гальшанскi-Дубровiцкi. У 1507 г. Юрый Iванавiч звяртаецца да вялiкага князя лiтоўскага i караля польскага Жыгiмонта I з просьбай надаць яму у спадчыну родавыя ўладаннi Гальшанскiх, што засталiся ад яго бабкi Юльяны i дзядзькаў - Васiля i Юрыя. Справа была вырашана станоўча5. Юрый Iванавiч правёў таксама некалькi абменаў з iншымi ўладальнiкамi Глускай воласцi, каб сабраць свае землi у кампактную тэрыторыю i выдзелiць iх у асобную воласць. Дасягнуўшы сваей мэты, ён пабудаваў замак i заснаваў цэнтр новаўтворанай воласцi - мястэчка Глуск-Дубровiцкi (цяпер Глуск). У старой заставалася паселiшча з назвай Глуск, першапачатковы цэнтр воласцi. У 1570 г. Уладзiмiр Забалоцкi, дзяржаўца ляхавiцкi, спалiў стары Глуск, якi з таго часу пачалi называць Пагарэлым. Пры працы з пiсьмовымi крынiцамi трэба быць уважлiвым i з кантэксту кожнага канкрэтнага дакумента разбiрацца, пра якi з двух Глускаў (Пагарэлы цi Дубровiцкi) iдзе размова. Даследчыкi мяркуюць, што Глуск-Пагарэлы знаходзiўся на месцы цяперашняй вёскi Гарадок (Глускi р-н), што пацвярджаецца i пiсьмовымi крынiцамi6. Пра час пабудовы замка i заснавання Глуска-Дубровiцкага сведчыць каралеўскi прывiлей:

«Жикгимонт божю млстю король польский великий князь Литовский руский княжа пруское жемойтский и иных.

Бил нам чолом князь Юрий Иванович Дубровицкий и поведал перед нами штож он збудовал собе у выймени своем замок у Глуску и просил в нас абыхмо ему дозволили там место садити и торг и корчмы мети... Што мы з ласки нашое на его чоломбите то вчинили иж мает там при замку его глуском место садити и торг и корчмы мети... И на то есмо ему дали сес нам лист з нашоюе печатью. Писан у Ломазе под леты божею нароженя 1522 мца декабря 20»7.

Такiм чынам, 20 снежня 1522 г. з’яўляецца афiцыйнай датай заснавання Глуска-Дубровiцкага. Гэтая iнфармацыя пiсьмовай крынiцы пацвярджаецца i вынiкамi археалагiчных раскопак. Дзесяцiгадовыя археалагiчныя даследаваннi Глускага замка паказалi, што самыя раннiя культурныя напластаваннi датуюцца не раней чым першай паловай XVI ст. Пры добра захаванай стратыграфii адсутнiчаюць не толькi адкладаннi, але i ўвогуле рэчы X-XV стст.

Самыя раннiя дакументы па гiсторыi Глуска-Дубровiцкага звязаны з iмем яго заснавальнiка. Гэта прывiлеi князю Юрыю Iванавiчу на правядзенне у Глуску кiрмашоў у дзень «св. Мiкалая асенняга» (ад 29 лiпеня 1525 г.)8 i у дзень «св. Мiкалая вясенняга» (ад 15 студзеня 1527 г.)9.

Юрый Iванавiч меў дванаццаць дзяцей: пяцёра з Юльянай Iванаўнай Яраславiчавай i сямёра з Марыяй Андрэеўнай Сангушкавай. Пасля смерцi Юрыя Гальшанскага-Дубровiцкага памiж яго сынамi ад першага шлюбу, Янушам i Уладзiмiрам, з аднаго боку, i ўдавой, княгiняй Марыяй - з другога, разгарэўся канфлiкт з-за некаторых зямель i маёмасцi10. Разбiральнiцтва доўжылася два гады - з 1536 па 1538 г. Глуск сярод спрэчных уладанняў не згадваўся. Падчас вырашэння гэтай справы княгiня Марыя прадставiла каралю тастамент памерлага мужа11, у якiм князь Юрый выказаў сваю волю наконт свайго пахавання i памiнання у праваслаўных цэрквах. Сярод шматлiкiх храмау, у якiх належала заказаць памiнальныя службы, згадваецца i «царква святога архангела Мiхаiла у Глуску»12. У тастаменце падрабязна пералiчваецца маёмасць, што заставалася княгiнi Марыi i яе сямi непаўналетнiм дзецям, астатняе старэйшыя сыны павiнны былi падзялiць памiж сабой пароўну.

Глуск адышоў сынам ад першага шлюбу - Янушу i Уладзiмiру. Яны валодалi iм супольна. У 1545 г. малодшы з братоў, Уладзiмiр, загiнуў ад рук татараў, якiя раптоўна напалi на яго падчас палявання. Жонка Уладзiмiра, Марына Саламярэцкая, выйшла замуж другi раз i згубiла права на Глуск. Януш Юр’евiч, дзяржаўца горвальскi, стольнiк ВКЛ, ваявода кiеўскi з 1542 г., ваявода трокскi з 1544 г., застаўся адзiнаўладным гаспадаром Глуска-Дубровiцкага, аднак ненадоўга. Ён памёр у 1549 г., не пакiнуўшы нашчадкаў.

Пасля смерцi Януша Глуск-Дубровiцкi з замкам перайшоў да Сямёна Юр’евiча, сына Юрыя Iванавiча ад другога шлюбу. У тастаменце бацькi i судовых дакументах 1537-1538 гг. пра Сямёна Юр’евiча гаворыцца як пра малалетняга хлопца, а у 1546 г. ён выступав поруч з Янушам, адстойваючы права на маёмасць у судовых працэсах13. Гэта з’яўляецца доказам таго, што Сямён у той час ужо меў права на некаторыя вотчыны, хоць яго частка i не была выдзелена. У 1552 г. у адным з лiстоў да яго Мiкалай Радзiвiл, ваявода вiленскi, нагадваў, што той абавязаны аддаць доўг Януша, паколькi «по смерти вси именья его на твою милость яко на брата правом прирожоным спали»14. Князь Сямён i яго мацi, Марыя Андрэеўна, былi ўцягнуты ў судовыя справы, якiя тычылiся спадчыны Януша15. У 1555 г. Сямён Гальшанскi атрымаў пасаду стольнiка ВКЛ. Так сталася, што ён стаў апошнiм мужчынскiм прадстаўнiком роду Гальшанскiх-Дубровiцкiх. У першай палове 1556 г. Сямён Юр’евiч захварэў i памёр. У 1558 г. памiрае i яго жонка Ганна з роду Радзiвiлаў (1518- 1558). У Сямёна Юр’евiча не было дзяцей, таму ўсю яго рухомую i нерухомую маёмасць падзялiлi памiж шасцю яго сёстрамi. Гэты падзел i зацверджаны 23 мая 1558 г.16. Згодна з iм адбываўся падзел Глуска i замка памiж сёстрамi князя Сямёна, Настассяй i Соф’яй, якая выступала у гэтай справе разам з мужам Аляксандрам Палубiнскiм: «я кнегини Кузьминая Жеславская Настасья Юрьевна и я князь Александро Полубеньский з малжонкою моею кнегини Зофеею на нашй две части взяли ... замок Глуско з местом и со всеми мещаны з именьи бояр, шляхты, з слугами путными, з людьмй волостными и со всим яко ся тот замок сам в собе и в пожыткох своих маеть ... Который жо замок Глуский ... маем в ровный дел на две части розделити межи себе»17. Падзел багатай спадчыны князёў Гальшанскiх дакументальна быў замацаваны толькi 23 мая 1558 г., аднак усе уладаннi Сямёна Юр’евiча, у тым лiку i Глуск-Дубровiцкi, адышлi пад апеку сясцёр адразу пасля яго смерцi, яшчэ у 1556 г.

Здавалася, справа была вырашана, аднак пасля 1558 г. пачалiся непаразуменнi, таму ўзнiкла патрэба у больш дакладнай рэгламентацыi долi кожнага з бакоў. Новы падзел адбыўся 31 сакавiка 1561 г.18. Дамовай прадугледжвалася, што левая частка замка, лiчачы ад брамы, адыходзiць княгiнi Соф’i Палубiнскай з роду Гальшанскiх, а правая частка - княгiнi Настассi Гальшанскай, па мужу Заслаўскай. Падзелены былi i мястэчка, i воласць.

У той час Настасся Юр’еўна была ужо хворая, яе iнтарэсы прадстаўляў зяць, Iван Фёдаравiч Чартарыйскi, муж яе дачкi Ганны. Княгiня Настасся памерла у тым жа 1561 г. Пра тое, як разгортвалiся падзеi далей, можам даведацца з судовай справы, разгледжанай Жыгiмонтам Аўгустам 23 верасня 1563 г. Сутнасць скаргi, прадстаўленай князем Iванам Чартарыйскiм, выклаў канцлер Мiкалай Радзiвiл. Настасся Юр’еўна завяшчала сваей дачцэ Ганне i яе нашчадкам трэцюю частку Глускага замка i двор Рычаў. Адзначалася, што Настасся Юр’еўна збiралася даць дачцэ адпаведныя дакументы на валоданне. Князь Чартарыйскi гаварыў, што Настасся Юр’еўна прыехала да iх з жонкай, аформiла усе дакументы i пакiнула iх на захаванне у сваiм маёнтку. Калi ж княгiня Заслаўская памерла, яе сын Януш прыехаў да мацi у маёнтак i забраў усе паперы. Чартарыйскi расказаў, што, будучы хворым, князь Януш Заслаўскi папрасiў Рыгора Аляксандравiча Хадкевiча, «жебы его милость о тые именья которые матка его кнегини Жеславская дотце своей кнегини Чорторыйской записала правом або вгодою з сестрою постановенье вчинил нижли его милость еще и до сих часов ото кнегини Чорторыйскую ку праву не позывал и угодою з нею около того застановенья не чинил»19. Справа на той момант вырашана не была. Частка Ганны Чартарыйскай была выдзелена ёй амаль што праз восем гадоў (яе муж, Iван Фёдаравiч Чартарыйскi, у лiсце, датаваным 10 сакавiка 1566 г., названы нябожчыкам). Дамова памiж Янушам i Мiхаiлам Заслаўскiмi, унукамi княгiнi Настассi, i Ганнай Чартарыйскай, яе дачкой, датавана 20 лiпеня 1571 г. Па гэтай дамове канчатковы падзел паловы замка i «места Глускага» адбыўся у дзень святога Iльi 1571 г.20.

Другая палова замка з 1558 г. належала княгiнi Соф’i Палубiнскай, дачцэ Юрыя Iванавiча Гальшанскага. У 1580 г. Соф’я Юр’еўна адпiсала свае правы на частку Глускага замка i воласцi мужу, Аляксандру Iванавiчу Палубiнскаму, а ён у сваю чаргу на выпадак сваей смерцi перадаў сваю долю глускiх уладанняў сыну Аляксандру21.

У наступным годзе князi Януш i Мiхаiл Заслаўскiя «за пять десят тисечи коп грошей литовских навечно продали ... часть... в замку и в месте Глуску и в волости Глуской» сваей цётцы, Ганне Чартарыйскай, пра што сведчыць купчы лiст, датаваны 10 чэрвеня 1581 г.22. Ганна Чартарыйская памерла у 1582 г., i яе доля у Глускiм замку адышла яе сыну. 3 гэтага часу у замка застаюцца два гаспадары: Юрый Iванавiч Чартарыйскi i Аляксандр Палубiнскi. У дэкрэце 1584 г. вялiкага князя лiтоўскага i караля польскага Стэфана Баторыя пра размежаванне Глуска са староствам Рудабелка гаспадарамi Глуска названы «князь Александер Полубенский староста Вилькийский и Поюрский и малжонка его милости пани Зофия Гольшанская, и князь Юрей Чарторыский»23.

Пасля смерцi Аляксандра Iванавiча Палубiнскага, мужа Соф’i Юр’еўны Гальшанскай, яго частку Глускага замка атрымаў у спадчыну сын - Аляксандр Палубiнскi, падкаморы лiдскi, стараста вольмарскi24, а пасля смерцi Аляксандра Аляксандравiча у 1616 г. - яго сын Канстанцiн25.

У 1624 г. памiрае Юрый Чартарыйскi, i яго палова Глускага замка адыходзiць двум сынам ад першага шлюбу - Мiкалаю i Адрыяну. Адрыян, якi ўступiў у ордэн бернардзiнцаў, адмаўляецца ад сваiх маёмасных правоў на карысць брата. Мiкалай Юр’евiч Чартарыйскi нядоўга гаспадарыў у замку. У 1625 г. Глуск-Дубровiцкi яшчэ з’яўляецца супольнай уласнасцю Канстанцiна Палубiнскага i Мiкалая Чартарыйскага26, але ўжо 26 лютага 1626 г., калi разглядаецца справа пра размежаванне Глускай воласцi са староствам Бабруйскiм, толькi Канстанцiн Палубiнскi, маршалак слонiмскi, названы «посесором теперешним пререченого именья Глуского»27. У купчым лiсце ад 4 лiпеня 1626 г. сказана, што «частка ... князю Чартарыйскаму правам прыроджаным па прабабцы ... княгiнi Гальшанскай прыналежачая Глуска Дубровiцкага, гэта значыць двор Глуск з усiмi надворнымi пабудовамi, з каплiцай рымскага набажэнства, з цэрквамi рускiмi, з мяшчанамi Глускiмi..., з фальваркамi» прададзена «яго мiласцi пану Канстанцiну Аляксандравiчу Палубiнскаму, маршалку Слонiмскаму,... правам вячыстым i непарушным ... за 50 000 злотых польскiх»28.15 студзеня 1638 г. быў складзены iнвентар маёнтка Глуска-Дубровiцкага, самы раннi з тых, што захавалiся да нашых дзён29. Тут упершыню падрабязна апiсваецца само мястэчка. У iм былi 331 пляц, дзве унiяцкiя царквы («пад унiяй з касцёлам святым рымскiм будучых»), праваслаўная царква («схiзмацкая»), рыначная плошча. Мяшчане у iнвентары, як i належыць, пералiчаны па вулiцах, тады iх было чатырнаццаць. Невялiкi каталiцкi касцёл, цi каплiца, знаходзiўся у двары пры замку.

Пасля смерцi Канстанцiна Аляксандравiча, якi меў шэсць сыноў i шэсць дачок, Глускi замак перайшоў у спадчыну да сына, Аляксандра Гіляры. У 1646 г. ён атрымаў каралеўскi прывiлей на правядзенне у Глуску-Дубровiцкiм аднаго кiрмашу у год працягласцю у тыдзень30. Аляксандр Гіляры Палубiнскi актыўна ўдзельнiчаў у палiтычным жыццi Рэчы Паспалiтай, паказаў сябе таленавiтым военачальнiкам у войнах са Швецыяй i Расiяй. Падчас вайны Расiйскай дзяржавы з Рэччу Паспалiтай 1654-1667 гг. у пачатку сакавiка 1655 г. атрад казакаў Iвана Залатарэнкi разбурыў Глуск: «добывали и, добывши, огнём выпалили, много врагов и недругов в.[ашего] Ц.[арского] вел.[ичества], там пребываючих, под мечь подклонили...»31. Моцна пацярпелы ад казакаў горад канстытуцыяй сойма ад 19 мая 1655 г. быў вызвалены ад падаткаў32. Падатковыя льготы для Глуска-Дубровiцкага былi пацверджаны канстытуцыямi соймаў 1670, 1673 i 1677 гг.33. Аляксандр Гiляры адразу ўзяўся за аднаўленне замка, была ўзведзена фактычна новая магутная фартэцыя з дзвюма мураванымi вежамi, землянымi валамi, пяццю бастыёнамi i ровам, запоўненым вадой. У 1667 г. сойм пацвердзiў выдзяленне Аляксандрам Палубiнскiм «месца на касцёл, кляштар i сад» айцам бернардзiнцам у Глуску-Дубровiцкiм34.

Аляксандр Гіляры Палубiнскi быў не толькi дзяржаўны дзеяч, але i вядомы мецэнат. У 1670-я гг. пад яго патранатам у Глуску працаваў знакамiты гравёр таго часу Аляксандр Тарасевiч, што засведчана надпiсам на адной з яго гравюр. Аляксандр Гіляры не раз наведваў сваю рэзiдэнцыю у Глуску. Памёр ён 3 лiстапада 1679 г.

Аляксандр Гіляры быў два разы жанаты, але дзецi на’радзiлiся толькi ад другога шлюбу - з Соф’яй Валадковiч. Дзве дачкi памерлi яшчэ у дзяцiнстве. Ганна Марыяна у 1672 г. выйшла замуж за Дамiнiка Мiкалая Радзiвiла, Iзабела Алена у 1686 г. - за Юрыя Станiслава Сапегу. Сыны Аляксандра Гіляры памерлi, не пакiнуўшы нашчадкаў: Дамiнiк Ян Мiхал - у 1683 г. у Венгрыi, Крыштоф Канстанцiн, якi валодаў Глускам-Дубровiцкiм, - у вераснi 1685 г. У красавiку 1684 г. Крыштоф адпiсаў сваей сястры, Ганне Марыяне, i яе мужу палову маёнтка Горы-Горкi i Шышаў, а у вераснi наступнага года, перад смерцю, перадаў сестрам Явараў, Здзецел (цяпер Дзятлава), Вязавец, Зэльву, Любеч, Лоеў i астатнюю частку Горы-Горак i Шышава. 22 верасня 1685 г. Ганна Марыяна з мужам, Дамiнiкам Мiкалаем Радзiвiлам, з аднаго боку, i Iзабела Алена з мужам, Юрыем Сапегам - з другога, дзялiлi спадчыну Крыштофа Канстанцiна, апошняга з мужчын княжацкага роду Палубiнскiх. Глуск дастаўся старэйшай сястры i яе мужу. Так у гiсторыi замка з’явiлася новая сям’я - Радзiвiлы.

Ганна Марыяна Палубiнская выйшла замуж за Дамiнiка Мiкалая Радзiвiла 9 кастрычнiка 1672 г. Мацi Дамiнiка, Лукрэцыя, хацела гэтым шлюбам умацаваць грамадскае i матэрыяльнае становiшча сына. Дамiнiк вучыўся у Iталii, цiкавiўся прыродазнаўчымi навукамi, медыцынай. Пасля вяртання на радзiму iмкнуўся актыўна ўдзельнiчаць у палiтычным жыццi краiны. 3 вясны 1677 г. быў падскарбiем надворным лiтоўскiм, а у 1690 г. заняў пасаду канцлера ВКЛ. У 1690 г. у Нясвiжы памiрае Ганна Марыяна, i Дамiнiк Мiкалай Радзiвiл становiцца адзiнаўладным гаспадаром замка, горада i воласцi да сваей смерцi 27 лiпеня 1697 г. Пасля смерцi Ганны Палубiнскай Дамiнiк Мiкалай ажанiўся з Ганнай Крысцiнай Любамiрскай. Ён атрымаў каралеўскi прывiлей на правядзенне у Глуску двух кiрмашоў: «адзiн у дзень Ачышчэння альбо Грамнiчнай Найсвяцейшай Панны рускага свята па старым календары, другi у дзень Спаслання Духа Святога таксама па старым календары...»35. Дакумент падпiсаны каралём польскiм i вялiкiм князем лiтоўскiм Янам III Сабескiм i датуецца 12 сакавiка 1691 г. У наступным годзе быў складзены iнвентар мястэчка i воласцi36.

У Дамiнiка Мiкалая i Ганны Марыяны было восем дзяцей. Глуск атрымаў у спадчыну Мiкалай Фаўстын (1688-1746). Калi памёр бацька, ён быў яшчэ малы i знаходзiўся пад апекай старэйшага брата, Яна Мiкалая. Пры падзеле бацькоўскiх уладанняў яму дасталiся Глуск, Парэчча, Здзецел, Уселюб i iнш.37. Пачатковую адукацыю Мiкалай Фаўстын атрымаў у нясвiжскiм калегiуме езуiтаў. У 1699 г. выправiўся у пяцiгадовае падарожжа за мяжу, каб працягваць вучобу. Вярнуушыся на радзiму, ён актыўна ўдзельнiчаў у палiтычным жыццi дзяржавы. У 1706-1709 гг. быў чашнiкам ВКЛ, у 1710-1729 гг. - мечнiкам ВКЛ, у 1725 г. атрымаў чын генерал-лейтэнанта пяхоты, у 1729-м стаў ваяводам навагрудскiм. Вялiкi ўплыў на дзейнасць Мiкалая Фаўстына меў яго шлюб у 1710 г. з Барбарай з роду Завiшаў, энергiчнай i амбiцыйнай жанчынай. Дакументальнымi сведчаннямi гаспадарання Мiкалая Радзiвiла у Глуску з’яўляюцца iнвентары 1708 г., 1713 г., 1720 г., 1724 г., 1727 г.38, а таксама апiсанне вялiкага звона бернардзiнскага касцёла: на адным баку яго знаходзiцца герб з выявай арла i лебедзя i надпiс: «Niсоlаi Fаustin Хsоnzе Rаdzivill Wоiеvоdа Nоvogrоdzki-Ваrbага z Zаviszow Хiеnznа Rаdzivillowa ... 1743»39. У1738 г. гаспадары замка прыбудавалi да касцёла мураваны двухпавярховы корпус кляштара40. Памёр Мiкалай Фаўстын Радзiвiл у Здзецеле 2 лютага 1746 г. Цела яго было пахавана у Нясвiжы, а сэрца - у Дзятлаўскiм касцёле.

Наступным гаспадаром Глуска-Дубровiцкага стаў сын Мiкалая Фаўстына i Барбары Завiшы Альбрыхт, якi нарадзiўся 25 сакавiка 1717 г. Сваю дзейнасць Альбрыхт Радзiвiл пачынаў з пасады старасты судовага рэчыцкага, якую атрымаў у 1734 г. У 1750 г. ён быў абраны маршалкам Трыбунала ВКЛ. У 1755 г. атрымаў званне генерал-маёра войска ВКЛ. Альбрыхт Радзiвiл - адзiн з нямногiх гаспадароў, хто стала жыў у Глуску. Пры iм былi складзены iнвентары 1755 г.41, 1778 г.42. У 1778 г. Альбрыхт Радзiвiл атрымаў пацвярджальны прывiлей караля Станiслава Аўгуста на правядзенне у Глуску-Дубровiцкiм трох кiрмашоў у год43. У 1784 г. разглядалася судовая справа памiж Альбрыхтам Радзiвiлам i манахамi-бернардзiнцамi Глускага кляштара. Уладалынiк мястэчка i замка аспрэчваў права бернардзiнцаў на пляц у замку44. Суд пацвердзiў правы бернардзiнцаў. Альбрыхт Радзiвiл памёр пасля 1791 г. у Глуску, быў пахаваны у Нясвiжы. 3 жонкай, Ганнай Кунегундай Халецкай (1723-1765), ён меў сына Дамiнiка i трох дачок - Алаiзу, Марыю i Барбару.

Пасля смерцi Альбрыхта Глуск-Дубровiцкi перайшоў у спадчыну да яго сына Дамiнiка, якi адразу прадаў яго Юзафу Юдзiцкаму, стражнiку ВКЛ: «места Глуск у ваяводстве Навагрудскiм ляжачае з замкам, з забудовай замкавай i з усiм, што у iм знаходзiцца»45. Юзаф Юдзiцкi быў жанаты з сястрой Дамiнiка Алаiзай. У ХIХст. у Глуску ужо гаспадарылi графы Юдзiцкiя, нашчадкi Юзафа Юдзiцкага i Алаiзы Радзiвiл.

 

 Беларускі гістарычны часопіс № 9, 2006 

 Гіпацэнтаўр. Герб князёў Гальшанскiх.

 

Выгляд бернардзiнскага касцёла i кляштара ў Глуску. 3 чарцяжа XIX ст.

 

Графiчная рэканструкцыя кафлi з гербом Аляксандра Гіляры Палубiнскага. 1670 г.

 

Тытульны лiст кнiгi "Разарыум" А. Тарасевiча з гербом А. Г. Палубiнскага.

 

Аляксандр Гіляры Палубiнскi

 

Дамiнiк Мiкалай Радзiвiл

 

Ганна Марыяна Радзiвiл (з роду Палубiнскіх)

 

Мiкалай Фаўстын Радзiвiл

 

Барбара Францішка Радзiвiл (з роду Завiшаў)

 

Альбрыхт Радзiвiл

 

Ганна Кунегунда Радзiвiл (з роду Халецкіх)