


Паводле палітыка Алеся Чыгіра, міліцыянты зьбілі яго й праваабаронцу Ігара Ходзьку за тое, што яны не давалі вынесьці з прыватнага грамадзкага цэнтру пакунак з газэтай "Свабода”.
Пасьля зьбіцьця актывістаў міліцыянты вынесьлі каля пяцісот асобнікаў "Свабоды”. Ніякіх дакумэнтаў, якія дазвалялі б ім гэтыя дзеяньні, міліцыянты не прад’яўлялі, паведаміў А.Чыгір.
Паводле Алеся Чыгіра, на дапамогу двум міліцыянтам, якія першымі ўварваліся ў дом, пад’ехаў міліцэйскі нарад прыкладна зь дзесяці чалавек. Міліцыянты адразу ж паспрабавалі вынесьці з дому друкаваную прадукцыю.
"Мы селі на падлогу перад дзьвярыма, каб перашкодзіць міліцыянтам. Тыя кінуліся спачатку нас адцягваць, а потым пачалі біць. Білі рукамі й дубінкамі. Мне разьбілі нос, Ходзька страціў прытомнасьць. Цяпер ляжыць на канапе. Я выклікаў хуткую дапамогу. У Бабруйску міліцыянты так сябе яшчэ не паводзілі”, — паведаміў Алесь Чыгір.
Двое міліцыянтаў уварваліся ў прыватны грамадзкі цэнтар а 17-й гадзіне. Дзьверы запатрабаваў адчыніць супрацоўнік міністэрства надзвычайных сытуацыяў Сяргей Гаўрыленка. Сваё патрабаваньне ён аргумэнтаваў неабходнасьцю тэрмінова агледзець памяшканьні на прадмет пажарнай бясьпекі. Праз сорак хвілінаў міліцыянт, які назваўся старшым лейтэнантам Тоўсьцікам, выклікаў дапамогу. Цяпер у грамадзкім цэнтры міліцыянтаў няма.
Радыё Свабода (Магілёў) 5.03.2008 19:09
Чыгіра зьбілі напярэдадні прыезду Лукашэнкі
Бабруйскі палітык Алесь Чыгір больш за 12 гадзінаў знаходзіўся пад вартай. Міліцыянты затрымалі яго ноччу, зьвінаваціўшы ў дробным хуліганстве. Аднак у суд яны сьведкамі не прыйшлі. Судзьдзя Натальля Чарапуха адміністрацыйную справу супраць палітыка пастанавіла адправіць на дасьледаваньне, а самога яго вызваліць з-пад варты ў залі суду.
Учора ў Алеся Чыгіра быў дзень народзінаў. Ён, ягоная жонка і дачка Аліса позна ўвечары вярталіся ад сваякоў дадому таксоўкай. Пасьля таго, як з таксістам разьлічыліся, Алесь папрасіў у яго чэк на аплату; той адразу пачаў канфліктаваць. Калі жонка Чыгіра з дачкой выйшлі з машыны, таксіст адразу ж паехаў, ня даўшы выйсьці самому Алесю.
"Ён спыніўся ля супрацоўнікаў міліцыі, якія яго чакалі. Міліцыянты адчынілі дзьверы й пачалі мяне зьбіваць. Таксіст казаў: ну што, ты хацеў свой чэк — атрымай яго. Мне закруцілі рукі, закінулі ў машыну й завезьлі ў аддзел міліцыі. У пастарунку мяне сустрэў маёр Тоўсьцік і старшына Пашокін. Яны надзелі на рукі кайданкі й некім чынам прычапілі да іх правую нагу. Я ўпаў і ня мог падняць твар. Такім чынам яны мяне зьбівалі. Пры гэтым нават не былі заштораныя вокны”, — апавядае Алесь Чыгір.
Ноч Алесь Чыгір правёў у бабруйскім ізалятары часовага ўтрыманьня.
Паводле Алеся Чыгіра, маёр Тоўсьцік кіраваў нападам на бабруйскі грамадзкі цэнтар 5 сакавіка. Тады Алесь Чыгір і праваабаронца Ігар Ходзька паскардзіліся на неправамерныя дзеяньня міліцыянтаў у пракуратуру. У пастарунку Тоўсьцік не хаваў, кажа Алесь, што зьбіцьцё — гэта помста за тую скаргу.
Сваё затрыманьне Алесь Чыгір лічыць невыпадковым. "Мяне затрымалі, каб запалохаць напярэдадні наведваньня Бабруйску Аляксандрам Лукашэнкам”, — кажа палітык. У пастарунку знаходзіліся магілёўскія й менскія амапаўцы:
"Гэта сапраўды нейкая зондэр-каманда, якая арудуе ў горадзе. Зьбівае ўсіх, хто трапляе пад руку. Нават самі супрацоўнікі міліцыі не хаваюць, што так званая зачыстка зьвязана з наведаньнем Бабруйску спадаром Лукашэнкам і нарадай міністраў унутраных спраў Беларусі й Расеі”.
Аляксандар Лукашэнка зьбіраецца прыехаць у Бабруйск заўтра, каб адкрыць лядовы палац.
Жонка Алеся Чыгіра Данута ноччу тры гадзіны дамагалася ад міліцыянтаў зьвестак пра свайго мужа:
"Мне зусім не давалі ніякай інфармацыі. Я запатрабавала кнігу скаргаў і прапановаў і першы запіс зрабіла там. Потым села й напісала скаргу на імя начальніка бабруйскай міліцыі. Дзякуючы гэтай паперы ў Алеся а сёмай раніцы быў ужо сьледчы міліцыі. Я бачыла, як Алеся павалілі на падлогу і пачалі біць. І калі я казала, што ён знаходзіцца тут і крычыць, а вы не пацьвярджаеце факту яго знаходжаньня тут, у вас нават шторы не завешаныя — тады яны пайшлі і завесілі”.
Паводле Дануты Чыгір, намесьнік старшыні бабруйскага гарадзкога суду Ўладзімер Лосеў, азнаёміўшыся з матэрыяламі адміністрацыйнай справы, паведаміў, што будзе яе адпраўляць на дасьледаваньне, бо зашмат супярэчнасьцяў.
Так і выйшла, кажа Данута Чыгір. Акрамя таго, міліцыянты, якія затрымлівалі Алеся, у суд не прыйшлі. Судзьдзя паставіла вызваліць яго ў залі суду, а справу дасьледаваць. Даты наступнага судовага паседжаньня Натальля Чарапуха не прызначыла.
Натальля Чарапуха судзіла Алеся Чыгіра 1 верасьня 2006 году, калі ён прыкуў сябе да агароджы перад будынкам Бабруйскага гарвыканкаму на знак пратэсту супраць свайго звальненьня са школы. Тады палітыка асудзілі на дзесяць сутак арышту.
Радыё Свабода (Магілёў) 30.05.2008 16:24
Вырак у справе А.Чыгіра абвесьцяць у панядзелак
Судзьдзя Бабруйскага раённага суду Аляксей Клімаў абвясьціў да панядзелка 28 ліпеня перапынак у разглядзе адміністрацыйнай справы супраць палітыка Алеся Чыгіра.
Актывіста вінавацяць у дробным хуліганстве й непадпарадкаваньні патрабаваньням міліцыі. Судзьдзя Клімаў зьбіраецца ў панядзелак зачытаць вырак палітыку.
Сваёй віны Алесь Чыгір не прызнае. Паводле ягоных слоў, сёньня суд заслухаў тлумачэньні міліцыянтаў, якія затрымлівалі яго позьнім вечарам 29 траўня, і таксіста, якія стаўся прычынай затрыманьня.
"Тлумачэньні міліцыянтаў былі супярэчлівыя. Найбольш гэта праявілася ў іх тлумачэньнях адносна выкарыстаньня супраць мяне кайданкоў. Адзін казаў, што я чапляўся да мінакоў, другі — што я адмаўляўся добраахвотна прайсьці ў службовую машыну. Таксіст жа наагул заявіў, што ён быў вымушаны выклікаць міліцыю, бо я пашкодзіў ягоную машыну. Ён спасылаўся на нейкія дакумэнты, але суду іх не прад’явіў”, — зазначыў "Свабодзе” адразу ж пасьля судовага паседжаньня Алесь Чыгір.
Алесь Чыгір — прэтэндэнт на кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. 21 ліпеня ён зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу, і тым жа днём яго каманда пачала зьбіраць подпісы жыхароў Бабруйскай сельскай выбарчай акругі. Тое, што бабруйскі суд узнавіў разгляд справы, палітык зьвязвае з пачаткам сваёй выбарчай кампаніі й спробамі ўлады зашкодзіць яму сустракацца з выбарцамі.
Сёньняшняе судовае паседжаньне — другое, першае адбылося 30 траўня. На ім старшынявала судзьдзя Натальля Чарапуха, якая пастанавіла справу адправіць на дасьледаваньне, а Алеся Чыгіра вызваліць з-пад варты.
Паводле Алеся Чыгіра, яго затрымалі позна ўвечары 29 траўня, калі ён зь сям’ёй вяртаўся ад сваякоў дадому таксоўкай. Пасьля таго як з таксістам разьлічыліся, Алесь папрасіў у яго чэк на аплату; той адразу пачаў канфліктаваць. Калі жонка Чыгіра з дачкой выйшлі з машыны, таксіст адразу ж паехаў, ня даўшы выйсьці самому Алесю. Кіроўца спыніўся толькі каля міліцэйскага патруля, які даставіў палітыка ў пастарунак. У пастарунку, паводле спадара Чыгіра, яго моцна зьбілі.
Радыё Свабода (Магілёў) 25.07.2008 18:19
Прысуд А.Чыгіру: арышт і штраф 1000 даляраў |
Бабруйскі раённы суд пакараў палітыка Алеся Чыгіра 10 суткамі арышту й штрафам у памеры 60 базавых велічыняў — гэта два мільёны сто тысяч рублёў. Судзьдзя Бабруйскага раённага суду Аляксей Клімаў прызнаў палітыка вінаватым ва ўчыненьні дробнага хуліганства, непадпарадкаваньні патрабаваньням міліцыі й пашкоджаньні транспартнага сродку — таксоўкі.
Празь пяць дзён прысуд уступіць у сілу. За гэты час у Алеся Чыгіра будзе магчымасьць абскардзіць пастанову ў Магілёўскім абласным судзе.
Алесь Чыгір вінаватым сябе не прызнае й зазначае, што прысуд палітычна матываваны.
"Ён разьлічаны на тое, каб я спыніў сваю выбарчую кампанію, але я таго не зраблю. Найбліжэйшымі днямі я абскарджу пастанову бабруйскага суду”, — зазначыў "Свабодзе” Алесь Чыгір.
"Сёньня ўжо стала зразумела, што гэта палітычна матываваная справа. Арышт падчас менавіта вылучэньня кандыдатам у дэпутаты, падчас менавіта збору подпісаў — гэта па-першае. Па другое, гэта вельмі вялікі штраф, каля адной тысячы даляраў. Для мяне й маёй сям’і гэта сапраўдны ўдар. Тым больш што ў мяне трое непаўналетніх дзяцей, жонка беспрацоўная. Гэта зроблена, каб мяне выбіць з жыцьця на працяглы час”.
Першапачаткова Алесю Чыгіру інкрымінавалі дробнае хуліганства й непадпарадкаваньне патрабаваньням міліцыі. Сёньня ж судзьдзя Аляксей Клімаў заявіў, што палітык абвінавачваецца і ў пашкоджаньні транспартнага сродку — таксоўкі. Таксіст Сяргей Касіловіч, які даў нагоду для судовага перасьледу палітыка, нібыта прад’явіў дакумэнты, якія пацьвярджаюць факт пашкоджаньня ягонай машыны.
Алеся Чыгіра затрымалі позна ўвечары 29 траўня, калі ён зь сям’ёй вяртаўся ад сваякоў дадому таксоўкай. Пасьля таго, як з таксістам разьлічыліся, Алесь папрасіў у яго чэк на аплату; той адразу пачаў канфліктаваць. Калі жонка Чыгіра з дачкой выйшлі з машыны, таксіст адразу ж паехаў, ня даўшы выйсьці самому Алесю. Кіроўца спыніўся толькі каля міліцэйскага патруля, які даставіў палітыка ў пастарунак. У пастарунку, паводле спадара Чыгіра, яго моцна зьбілі.
Алесь Чыгір да суду ўжо пабыў у зьняволеньні 12 гадзінаў. 30 траўня на першым судовым паседжаньні судзьдзя Натальля Чарапуха пастанавіла справу супраць палітыка адправіць на дасьледаваньне, а самога яго вызваліць з-пад варты.
Алесь Чыгір трынаццаць гадоў настаўнічаў у бабруйскай сярэдняй школе № 8. У 2006 годзе яго звольнілі, не падоўжыўшы кантракту. На знак пратэсту ён прыкуў сябе да агароджы перад будынкам Бабруйскага гарвыканкаму. За гэтую акцыю пратэсту яго пакаралі 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Ад 2003 да 2007 году Алесь Чыгір быў дэпутатам Бабруйскага гарсавету. Ён жанаты, мае траіх непаўналетніх дзяцей.
Радыё Свабода (Магілёў) 28.07.2008 17:11
А.Чыгір: "Сродкі ад Лукашэнкі — супраць рэжыму” |
Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Бабруйскай сельскай выбарчай акрузе № 80 Алесь Чыгір заявіў "Свабодзе”, што сродкі, якія выдаткоўвае дзяржава на выбарчую кампанію, павінны быць выкарыстаныя для тлумачальнай працы сярод выбарцаў.
"Сродкі ад Лукашэнкі — супраць рэжыму”, — такі дэвіз суразмоўцы:
"Я лічу, што такія магчымасьці, як выступ па тэлевізіі, артыкулы ў дзяржаўных СМІ проста нельга губляць. Тым больш, што выдаткоўваецца яшчэ 800 даляраў на правядзеньне агітацыйнай кампаніі. Трэба ісьці да людзей. Імкнуцца пагутарыць зь як мага большай колькасьцю выбарцаў”.
Вячаслаў Кулік
Радыё Свабода (Магілёў) 29.08.2008 12:21
Тэлевыступ па канале "Лад" 4.09.2008 |
Паважаныя выбаршчыкі, бабруйчане, жыхары бабруйскага і глусскага раёнаў. Мяне зваць Чыгір Аляксандр Леанідавіч, я зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты па Бабруйскай сельскай акрузе №80.
У тэлевізійным выступе прынята абяцаць. Лічыцца, што чым больш паабяцаеш, тым больш людзей за цябе прагаласуе. І таму раздаюць на лева і права кандыдаты ў дэпутаты рознага кшталту абяцання. За час, што застаўся да выбараў, вы яшчэ наслухаецеся гэтых абяцанняў вагон і маленькую цялежку. Я жа нічога абяцаць не буду! І гэта не таму, што я не патраплю ў Палату прадстаўнікоў, а таму, што хлусіць людзям - гэта вялікая подласць. Так вучылі мяне бацькі, аб гэтым казалі мне настаўнікі ў школе! Гэтаму вучыў я сваіх вучняў і вучу сваіх дзяцей.
Нам з тэлевізійных экранаў і старонак дзяржаўных газет распавядаюць, як шчасліва жывуць ветэраны працы і пенсіянеры! Толькі мы з вамі ведаем, што гэта хлусня! Калі хтосьці ўсумніцца ў пэўнасці маіх слоў, то з'ездзіце ў пасёлак Чарапічны, які знаходзіцца на тэрыторыі Першамайскага раёна г. Бабруйска і паглядзіце, як у доме нумар два, што па вуліцы Кляновай, без даху над галавой і электрычнасці пражыла гэтую зіму Ганна Яхімаўна Куксгаўзен - ветэран працы, жанчына, якая ўсё жыццё прапрацавала на беларускай чыгунцы, не самой беднай арганізацыі. Што, чыноўнікі не ведаюць аб гэтым? Ведаюць і вельмі добра ведаюць. Або яшчэ адзін канкрэтны прыклад – пенсіянер, былы баксёр Віктар Іванавіч Чаленка, неаднаразовы чэмпіён БССР, удзельнік міжнародных спаборніцтваў, пражывае сваю старасць у цесным пакоі без выгод і антысанітарных умовах.
Такіх прыкладаў па Бабруйскай сельскай акрузе сотні! За кожным з іх лёс чалавека. Людзі старэйшага пакалення зарабілі права на годную старасць і павінны быць упэўненыя ў тым, што ім будзе забяспечаная падтрымка дзяржавы.
Цікавы факт - у сацыяльным фондзе Бабруйскага гарвыканкама больш за 70 пустуючых кватэр! Гэта пры тым, што ў сацыяльным жыллі маюць патрэбу 700 бабруйчан. Утрыманне гэтых квартэр абыйшлось у мінулым годзе ў 26 мільёнаў рублёў. Адна бабруйская сям’я стаяла ў чарзе на паляпшэнні жыллёвых умоў з 1968 года! Толькі прадстаўнікі сённяшняй улады даўно махнулі на людзей рукой! Аб гэтым сведчыць ганебны факт адмены ільгот у старых і дзяцей!
Праца беларусаў - адна з самых танных у свеце. На некаторых прадпрыемствах Бабруйска і Глуска сярэдняя заработная плата каля 300 тысяч беларускіх рублёў! Гэта нават не рыса беднаты, а мяжа галечы!
Людзі, якія працуюць, сядзяць на хлебе і кашы, зробленай на вадзе! Што тыя, хто сёння ва уладзе, не ведаюць аб гэтым? Вельмі добрае ведаюць, але ім абыякава, як жывуць і што ядзяць грамадзяне нашай краіны.
Наперадзе нас чакае татальная прыватызацыя! Ужо сёння без нашай з вамі згоды выстаўлены на продаж найбуйнейшыя прадпрыемствы нашай краіны. Прадпрыемствы, якія ствараліся нашымі бацькамі і дзядамі, вельмі хутка сыйдуць з малатка, нашым дзецям і ўнукам прыгатавана роля таннай працоўнай сілы пры гэтых прадпрыемствах. Я прапрацаваў настаўнікам у школе 13 год і вельмі добрае ведаю сістэму адукацыі! Сёння асноўная задача настаўніка - не вучыць дзяцей, а пісаць тоны нікому не патрэбных папер. Як вынік - рэзкае падзенне агульнаадукацыйнага ўзроўня, што пацвердзіла апошняе цэнтралізаванае тэставанне. Я ужо не кажу аб апошніх валюнтарысцкіх рэформах у сферы адукацыі. Гэта канчаткова даб'е нашу адукацыю. А адукацыя - гэта інвестыцыі ў будучыню краіны. Высокакваліфікаваныя і падрыхтаваныя кадры здольныя забяспечыць грамадству эканамічны прарыў. Паміж тым, колькасць бюджэтных месцаў у вышэйшых навучальных установах пад рознымі прычынамі з года ў год скарачаецца. Гадавая аплата навучання дасягае сум ад 1500 да 3000 даляраў.
Хто з бацькоў можа дазволіць сабе вучыць дзіця ў мінскіх універсітэртах і інстытутах?
Мы вярнуліся нават не ў пачатак ХХ стагоддзя, а ў сярэдзіну ХІХ стагоддзя. Калі адукацыя была прывілеем багатых. Аб медыцынскім абслугоўванні казаць без слёз не прыходзіцца! Хто сёння карыстаецца сучаснай дыягнастычнай апаратурай? Хто атрымоўвае якаснае бясплатнае медыцынскае абслугоўванне?
З’яўлячыся фармальна бясплатнай, дзяржаўная мэдыцына ўжо даўно мае платны характар. Права на жыццё маюць тыя, хто маюць грошы.
28 верасня абвешчаны выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу! Ад нас з вамі чакаюць маўклівай згоды з сённяшняй уладай! Але ці можна згаджацца з тым, хто нас пастаянна падманвае?
Рабіце высновы! Думайце! Дзякуй за ўвагу!
http://ales-chyhir.livejournal.com/2026