Галоўная » Артыкулы » Культура

Ад прадзедаў спакон вякоў...

Ад прадзедаў спакон вякоў...

  — Разам са сваім калегам і паплечнікам Мікалаем Сацурам мы прыехалі ў Глуск да вашага земляка, вядомага беларускага кампазітара Валерыя Кірылавіча Іванова напілаваць яму на «фазэндзе» дровы, а трапілі на такое выдатнае свята! — сказаў пад час яго адкрыцця народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка. - Тое, што мы ўбачылі, прыемна ўразіла нас, і мы жадаем усім удзельнікам новых творчых поспехаў, здароўя і дабрабыту.

Такая адзнака, дадзеная кіраўніком славутага ансамбля «Сябры» X абласному фестывалю сямейнай творчасці «Сузор'е талентаў», была зусім не прынятым у такіх выпадках кампліментам, а сапраўды мела пад сабой аснову. Бо ў Глуск, каб прадэманстраваць сваё ўменне і майстэрства, прыехалі прадстаўнікі амаль з усіх рэгіёнаў рэспублікі. Больш таго, упершыню ў свяце прыняла ўдзел і таленавітая сям'я з суседняй Украіны. Так што неўзабаве фэст можа пераўтварыцца ў мерапрыемства міжнароднага ўзроўню.

   На імправізаванай выставе, адкрытай у парку гарадскога пасёлка, дэманстраваліся не толькі традыцыйныя для Беларусі вырабы з саломкі, разьба па дрэве і ганчарны посуд, але і такія больш сучасныя, як дрэўцы з бісеру і іншае. Пры гэтым народныя ўмельцы аказаліся яшчэ і выдатнымі музыкантамі, танцорамі, спевакамі, а таксама адмысловымі кулінарамі. Што пацвердзілі не толькі хатняе заданне спячы каравай, але і конкурс на лепшую сямейную юшку. Праўду кажуць: таленавіты чалавек — таленавіты ва ўсім.

  Адметнай рысай фестывалю з'яўляецца тое, што яго ўдзельнікі старанна вывучаюць і прапагандуюць нацыянальную культуру, вельмі ўважліва ставяцца да яе вытокаў, імкнуцца зберагчы айчынныя традыцыі ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве і рамёствах. Свае веды і ўменне старэйшыя ахвотна перадаюць маладзейшым членам сям'і, роду, нярэдка і суседзям.

  Усе гэтыя абставіны ўлічваліся пры падвядзенні вынікаў конкурсаў у розных намінацыях. Іх пераможцы атрымалі каштоўныя прызы. Варта дадаць, што за два дні работы фестывалю (22 і 23 жніўня) яго ўдзельнікі далі канцэртьі ў шэрагу населеных пунктаў Глускага раёна. Так што свята атрымалася досыць маштабным, вясёлым і карысным.


Матэрыялы старонкі падрыхтаваў Мікалай РУДКОЎСКІ. Фота аўтара.

«Могилевские ведомости» № 95, 25.08.2009

 


 

Категория: Культура | Добавил: Vladmin (28.08.2009)
Просмотров: 1356
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: