
Па словах дырэктара Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Алега Хмялькова, фестываль "Сузор’е талентаў” — адзін з сацыяльна-культурных праектаў, народжаных абласной метадычнай структурай. І рэалізацыя гэтага праекта стала надзвычай яркай старонкай адмысловага фестывальнага руху, якім заўжды славілася ўпраўленне культуры Магілёўскага аблвыканкама.
Свята, якое будзе доўжыцца два дні, адкрыецца ля мясцовага РДК. Конкурсныя праграмы пройдуць у кінатэатры "Арыён” і ў Цэнтральным парку гарпасёлка. Гасцей, як і заўжды, чакаюць конкурсы спеваў, танцаў, нацыянальнай кухні, сямейнага абярэга. Ля летняй паркавай танцпляцоўкі будзе дзейнічаць традыцыйны "Глускі хутарок”, народныя майстры і супрацоўнікі мясцовага Дома рамёстваў прадставяць творы традыцыйнага беларускага мастацтва. Ну і, канешне ж, будзе і доўгачаканая рыбалка на хуткаплыннай Пцічы. Кожная сям’я-канкурсантка згатуе ўласную юшку і прапануе любому жадаючаму. Карацей, слухайце, глядзіце, частуйцеся — радуйцеся!