Галоўная » Артыкулы » Культура

Масленіца - 1988

Масленіца - 1988 
ФОТАРЭПАРТАЖ 

У райцэнтры адбылося традыцыйнае свята сустрэчы вясны — масленіца. Задоўга да пачатку, каля кінатэатра «Арыён» пачалі збірацца людзі. Прыцягвала іх сюды вясёлая музыка, кірмаш, які пачаў сваю работу з раніцы. Гандлёвыя работнікі прапанавалі жыхарам райцэнтра прамысловыя і харчовыя тавары, гарачы чай, бліны, беспройгрышную латарэю. У натоўпе можна было бачыць і вясёлых карабейнікаў. Мала хто пазбег спакусы купіць што-небудзь, адведаць смачных кулінарных вырабаў.
Далейшае прадстаўленне аб свяце, якое пачалося ў 11 гадзін дня, даюць надрукаваныя вышэй здымкі. Зіма-матухна прыпаднесла сёлета вялікі сюрпрыз: ні марозу, ні снегу. I гэта ў лютым! Прыйшлося Дзеду Марозу і Снягурачцы прыбыць на гулянне не на тройцы са званочкамі, а на легкавым аўтамабілі. Адразу ж пачалося вясёлае прадстаўленне з удзелам Бабы Ягі, Лешага, скамарохаў, цыган і, вядома ж, прыгажуні Вясны.
У гэты час сваё майстэрства дэманстравалі спартсмены - самбісты, а на стадыёне адбыліся два матчы па міні-футболу і захапляючыя заезды юных картынгістаў. У ціры лепшыя стралкі змагаліся за права называцца самымі трапнымі.
Арганізатарамі святочнага настрою жыхароў пасёлка былі аддзел культуры райвыканкома, спорткамітэт, РК ДТСААФ і райспажыўсаюз.


Фотарэпартаж А. СЯРГЕЕВА і С. АНТАШКЕВІЧА.
«Сцяг Радзімы» 20.02.1988

 

Категория: Культура | Добавил: Vladmin (01.12.2009)
Просмотров: 1366
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: