Галоўная » Артыкулы » Культура

«...Бо лепш незламаным памерці, чым жыць з перабітым крылом»

«...БО ЛЕПШ НЕЗЛАМАНЫМ ПАМЕРЦІ, ЧЫМ ЖЫЦЬ З ПЕРАБІТЫМ КРЫЛОМ»

25 верасня найвыдатнаму паэту, былому вязню ГУЛАГа Сяргею Грахоўскаму (1913—2002) было б 95 год

Аднойчы — тое была яго перадапошняя восень — Сяргей Іванавіч патэлефанаваў: "Хачу паказаць адну рэч, якую даўно ад сябе самога хаваю". Сустрэліся ля яго пад'езда, селі на лаву пад разгалістым клёнам, з якога абляталі апошнія лісты. Ён моўчкі дастаў з унутранай кішэні курткі і працягнуў мне невялікі блакноцік у шурпатым цёмнашэрым, пад колер зямлі, пераплётам. Ад хвалявання ў мяне дрыжэлі рукі: у якіх жа пераплётах пабываў гэты самы пераплёт разам з яго змесцівам і самім гаспадаром! Як ім — абодвум — удалося ацалець у тыя гулагаўскія гады? Схаваць тайну ад пільных назіральшчыкаў пры найстражэйшай забароне не тое што любога пісання — нават чыстага шматка паперы ці аловачнага зломка...

— Знайшлі б — не размаўлялі б мы зараз з вамі. Самому не верыцца, што ўдалася такая "афера". Ну, ды гэта асобная гісторыя, — сказаў ён і надоўга змоўк. Я гартала спісаныя ўборыстым, драбнюткім почыркам лісткі з вершаванымі радкамі, працятымі болем і пакутай. Не за сябе — за Радзіму. Ішла вайна, родная зямля была ў агні — а ён тут, удалечыні ад яе, звязаны па руках і нагах, пазбаўлены найвышэйшага права бараніць самае дарагое ад захопнікаў-чужынцаў. І над усім — неадольная вера ў Перамогу над фашызмам, у будучыню Айчыны. Яна давала сілы выжыць там, дзе жыць было немагчыма.

І гэта пісаў "вораг народа"?! І вось такіх "ворагаў" — сапраўдных патрыётаў, высакародных і перакананых — мільёнамі асуджалі на пагібель, кідалі за калючы дрот, вялі на расстрэл?

— Сяргей Іванавіч, дык жа гэты блакнот — важкі доказ вашай невінаватасці, чаму не прад'явілі яго хаця б пры другім арышце?

— А каб горай не было, — усміхнуўся ён, дзівячыся майму здзіўленню. На дварэ ўсё халаднела, калючы вецер кідаў у твар пажоўклую лістоту. А ён і не зважаў, заглыбіўшыся ў свае думы: ці такую халаднечу зведаў?

Аб чым думаў у гэтыя хвіліны, што згадваў?

Можа быць, вяртаўся ў поўную шчаслівых надзей, бурлівую маладосць, калі з такімі ж, як ён, вясковымі хлопцамі-рамантыкамі, што прыйшлі ў 20-я гады ў паэзію і з усёй палымянасцю апявалі "новую яву", а потым апынуліся ў адной камеры, прайшлі праз нечалавечыя мукі ў лагерах, высылках, гінулі пакутніцкай смерцю? А можа, бачыў такі ж кастрычніцкі дзень далёкага 1936 года, калі, вяртаючыся дадому з працы ў Радыёкамітэце, адчуў нешта нядобрае? У пакоі, дзе быў учынены страшэнны вэрхал і ламала рукі заплаканая цяжарная жонка, яго чакалі энкавэдысты. Ужо ў "варанку" з тугой глядзеў, як аддаляецца агеньчык у родным акне, ды не верыў, што ніколі-ніколі не вернецца сюды, не ўбачыць каханую жанчыну і будучае дзіця: выкінутыя проста на вуліцу, на згубу, яны дзесьці згінулі ў невядомасці...

Ці, можа, з горыччу ўзгадваў сваю тагачасную, зараз смешную ўпэўненасць, што, паколькі ён ні ў чым не вінаваты, там дзе трэба хутка разбяруцца, папросяць прабачэння за памылку і выпусцяць на волю. Не губляў надзеі нават тады, калі апынуўся ў адзіночцы "амерыканкі" — жудаснай турмы ў двары будынка НКУС, цярпеў гнюсныя здзекі, пакутлівыя начныя допыты і цынічную "шчырасць" следчага: "Шлёпнем цябе, вось табе і следства і суд. Лепш прызнавайся ў контррэвалюцыйнай трацкісцкай дзейнасці!"

Потым будуць першыя дзесяць доўгіх год лагернага пекла, затым у 1946-м — вызваленне з "воўчым білетам" пад нагляд "у сельскую мясцовасць". А ў 1949-м — яшчэ аддыхацца не паспеў — новы арышт. І знаёмы да болю стыль панявольшчыкаў, ператрус у хаце пад пагрозлівы крык: "Не прикидывайтесь! Показывайте, где прячете белорусские книги!"

Зноў — па этапу, у Сібір, праз асуджэнне на бестэрміновы "рай"...

Той кляты досвед адным разам, ужо ў апошнія гады, саслужыць яму добрую службу. Помню, з гумарам распавядаў Сяргей Іванавіч пра прыгоду ў парку Чэлюскінцаў, дзе любіў гуляць сам-насам па ціхіх, малалюдных сцяжынках. Неяк надвячоркам з-за кустоў высыпала зграя шпаны. Хуліганістыя маладзёны ўзялі ў ціскі старога чалавека, сталі пацвельвацца, штурхаць, лапаць кішэні, пагражаць. А ён і не думаў клікаць на дапамогу ці бараніцца, хоць, нягледзячы на гады, мог бы пры сваім росце і фізічнай загартоўцы пакласці на зямлю не аднаго. Ён толькі адкрыў рот — і першы і апошні раз у жыцці — выдаў порцыю такой махровай лагернай "фені", чутай тысячу раз ад панявольшчыкаў, што цяперашнія нападнікі на імгненне аслупянелі, а ў другое імгненне кінуліся ўрассыпную з крыкам:

— Ратуйся! На пахана нарваліся!

...Толькі ў 1956-м, пасля смерці Сталіна, разам з мноствам бязвінных, цудам ацалелых ахвяр масавых рэпрэсій ён нарэшце атрымае волю, поўную рэабілітацыю і назаўжды вернецца на родную, любую, дарагую ў радасці і бядзе беларускую зямлю. Праз цэлых дваццаць скрадзеных, знявечаных, спляжаных маладых год вернецца да жыцця і, нібыта даганяючы незваротна страчаны час, напоўніць адпушчаныя Богам гады ледзь не "атамным" выбухам духоўнай і творчай энергіі, прагай усё ўбачыць, паспець, сказаць. Вернецца незламаным і нескароным, захаваўшы ў неверагодных выпрабаваннях трапяткую і мужную душу, сумленне, годнасць, ясны розум. І, асэнсоўваючы і пераасэнсоўваючы перажытае на ўсіх кругах пекла, будзе шукаць — і знойдзе! — адказ на неадступнае пакутлівае пытанне: "За што? Чаму? Каму гэта трэба?" Паступова, крок за крокам ён будзе ўсё глыбей спасцігаць трагедыю, што адбылася з ім самім і ўсёй краінай. І з безабароннай ахвяры бязлітаснай рэпрэсіўнай машыны стане суддзёй, закляйміць пайменна ганьбай і праклёнам не толькі "ўласных" катаў і садыстаў — вынесе суровы прысуд бесчалавечай сістэме таталітарызму.

Аб гэтым з пераканаўчай сілай ён паведае ў дакументальных аповесцях-споведзях "Зона маўчання", "З воўчым білетам", "Такія сінія сцягі", у шматлікіх вершах, публіцыстычных творах. Паведае з адчуваннем сваёй чалавечай і мастакоўскай місіі — і за тых, хто не вярнуўся, і для тых, хто нізавошта не павінен дапусціць такое.

Ён меў поўнае права сказаць пра сябе: "Я двойчы прайшоў усе кругі пекла і не зламаўся, не знік на таежных скрываўленых трасах... Я бачыў усё і ўсё перажыў. Лёс злітаваўся і наканаваў мне жывым выйсці з пекла і стаць Сведкам на Судзе Гісторыі... Памятаю ўсё да драбніц і клянуся кожным словам, кожным радком гаварыць толькі праўду, каб ведалі людзі і ніколі не далі сябе ашукаць прыгожай хлуснёй і д'ябальскім каварствам. Сведчу, каб нашы нашчадкі спазналі сапраўдную волю, роўнасць і шчасце на роднай акрыялай і расквітнелай зямлі".

Перабольшання не будзе: паэт Сяргей Грахоўскі здзейсніў грамадзянскі подзвіг суровай праўдай аб трагічных старонках гісторыі Айчыны. Ён рабіў тое, што і Ларыса Геніюш, а ў рускай літаратуры — нобелеўскі лаўрэат Аляксандр Салжаніцын. Лепшае з яго пісьменніцкіх сведчанняў на судзе гісторыі (рэальны суд у грамадстве яшчэ так і не адбыўся) увайшло ў кнігу "Выбраныя творы", што летась убачыла свет у выдавецтве "Беларускі кнігазбор" пільным клопатам дачкі Сяргея Іванавіча Таццяны Сяргееўны і аўтара праекта Кастуся Цвіркі. На жаль, вершаў з таго, згаданага мною лагернага блакноціка там не аказалася: неацэнны, унікальны рарытэт у сямейным паэтавым архіве, як ні шукала спадарыня Таццяна, знайсці не ўдалося.

Зразумела, салідны, ёмісты том не змог — ды і не мог — змясціць нават малую частку плёну ўладальніка шматграннага таленту, які нёс людзям здабыты на зломе лёсу дар насуперак дваццацігадовай зоне маўчання... Адзін за другім выходзілі яго зборнікі "І радасць і боль", "Споведзь", "Вячэрні звон", "На апошняй вярсце", "Недапісаная кніга" і шмат іншых, дзе побач з мастакоўскім роздумам аб мінулым, сучасным і будучым Бацькаўшчыны, побач з прасякнутымі болем і горыччу радкамі — узоры дзівоснай лірыкі, парыванні чулай, пяшчотнай душы, уваскрашэнне прыгожых і сонечных імгненняў. На сваім пакручастым шляху паэт сустрэў вялікае шчасце — верную, адданую да скону дзён Валянціну Міхайлаўну — яго анёла і музу, яго радасць і дыханне. Гэта яна, "дзекабрыстка" савецкай эпохі — маленькая, танюткая, як былінка, ды з адважным, поўным любові сэрцам — прабіралася начной нязведанай тайгою за канвоем, якім гналі яе мужа ў няволю. І — дагнала, і абняла яго! І стала да апошніх дзён неадлучнай, пайшоўшы ўслед за мужам у хуткім часе ў іншы, незямны свет...

Паэт класічнай традыцыі і класічнай сілы, Сяргей Грахоўскі пакінуў нам і нашым нашчадкам надзвычай багатую спадчыну, якая — можна сказаць упэўнена — не будзе ляжаць мёртвым грузам. Бо яна — жывая! У ёй не толькі гісторыя, а і тое, чым мы жывём, хвалюемся сёння, чаго прагнем усёй душой. У кожным радку, чаканным і афарыстычным па форме, — гарачая малітва за Беларусь і ахвярнасць дзеля яе... Знойдзеныя ў глыбіні сэрца словы бяруць у палон напалам паэтава пачуцця і сугучнасцю пачуццям многіх сучаснікаў. Таму і хочацца паўтараць і паўтараць, завучваць на памяць ну хаця б гэтыя радкі:

Лепш рынуся ў шал крутаверці,

Нягодам пайду напралом,

Бо лепш незламаным памерці,

Чым жыць з перабітым крылом.

Ён і застаўся такім — незламаным!
 

Святлана КЛІМЕНЦЕНКА

«Народная Воля» 25.09.2008 №143-144

 

 

Категория: Культура | Добавил: Vladmin (27.09.2008)
Просмотров: 1279 | Комментарии: 2
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: