Галоўная » Артыкулы » Культура

Што будзе з беларускай мовай праз 50 гадоў?
 

 

Што будзе з беларускай мовай праз 50 гадоў?
 

21.02.2008Кастусь ЛАШКЕВIЧ, TUT.by

21 лютага ва ўсiм свеце адзначаецца Дзень роднай мовы, абвешчаны на 30-й сесii ЮНЭСКА ў лiстападзе 1999-га. Генасамблея ААН тады падтрымала гэтае рашэнне i заклiкала дзяржавы-сяброў ААН спрыяць абароне i захаванню ўсiх моў.


Для Беларусi "матчына мова" больш, чымся проста сродак зносiнаў. Гэта кутны камень не толькi нашай нацыянальнай iдэнтыфiкацыi, але i дзяржаўнай незалежнасцi. I няхай пасля стагоддзяў прыгону ў краiне пануе мова расейская, пераважная большасць беларусаў роднай лiчаць менавiта беларускую. А калi так, значыць, многiя з нас песцяць у душы надзею, што надыдзе час, калi не мы, дык нашыя дзецi ды ўнукi на поўны голас загавораць па-свойму ў школе i на працы, дзiцячым садку i ў адмiнiстрацыi прэзiдэнта. I не пачуюць у адказ абуранае "Разгаварывайце на нармальнам языке". Ды не патрапяць за краты за "брудную лаянку".

 

Якiя яны, тыя, хто ўжо сёння думае i кахае, зарабляе грошы i гадуе дзяцей па-беларуску, адбудоўваючы на руiнах "советской Белоруссии" беларускую Беларусь?

 

"Мае студэнты здаюць iспыты па-беларуску"

Прафесар Медыцынскага ўнiверсiтэту Аляксандр АРЦIШЭЎСКI амаль паўстагоддзя выкладае гiсталогiю — навуку аб пабудове i развiццi тканак чалавека. Апошнiя 12 год — па-беларуску. За гэты час ён выдаў больш як 200 навуковых прац, у тым лiку першы ў гiсторыi беларускамоўны падручнiк "Гiсталогiя з асновамi цыталогii i эмбрыялогii", за што летась быў уганараваны прэмiяй iмя акадэмiка Вацлава Ластаўскага для беларускамоўных выкладчыкаў ВНУ тэхнiчных дысцыплiн.

Аляксандр Аляксандравiч патомны доктар. Мажлiва, першым у iхным родзе лекарам быў шляхцiц-пратэстант з Падляшша Крыштап Арцiшэўскi, якi ў 1643 годзе выдаў у Амстэрдаме першае ў гiсторыi Беларусi даследаванне падагры. Дакладна вядома, што дзед Арцiшэўскага Мiхал служыў фельчарам у адным з царскiх палкоў у Пецярбурзе, а па распадзе Расейскай iмперыi практыкаваў медыцыну ў беларускiх Горках.

Першыя ўрокi роднай мовы Аляксандр Арцiшэўскi атрымаў ад мацi:

— Мама паходзiла з мястэчка Глуск на Магiлёўшчыне i ведала не толькi народную творчасць, але чытала нам вершы класiкаў. Таму з дзяцiнства мне падабалася беларуская лiтаратура i, ужо будучы дарослым чалавекам, часта наведваў паэтычныя вечарыны. Аднак большую частку жыцця мова iснавала недзе знутры мяне.

— Што ж падштурхнула вас стаць беларускамоўным? — пытаюся ў прафесара.

— Рэферэндум 1996 года. Я зразумеў, што над нашай мовай навiсла пагроза, i на наступны дзень загаварыў па-беларуску. А выкладаць пачаў яшчэ раней.

Разам са студэнтамi, натхнённымi ветрам Адраджэння, яны пачалi перакладаць мiжнародную тэрмiналагiчную наменклатуру, складаць першыя дапаможнiкi. Жонка былога прэзiдэнта Рады БНР Раiса Жук-Грышкевiч, якая ў 1995 годзе прыехала ў Беларусь з Канады, была так уражаная выступам ягоных студэнтаў, што на знак удзячнасцi даслала выкладчыку сваю кнiгу з аўтографам.

Дагэтуль шырока распаўсюджанае меркаванне, быццам у айчыннай медыцыне няма тэрмiналагiчнай базы, а беларуская мова непрыдатная да навукi, Арцiшэўскi лiчыць гэта "падманам i спекуляцыяй", называючы запар з дзясятак беларускамоўных слоўнiкаў ды падручнiкаў i прыводзячы ў прыклад самабытныя беларускiя тэрмiны: вiлавiца ("вилочковая железа"), капшук ("мочевой пузырь"), каса ("селезенка"), крумянкi ("ягодицы"), мацiца ("матка"), шчытавiца ("щитовидная железа")…

Прафесар распавядае, што на ягоных занятках бальшыня студэнтаў-першакурснiкаў галасуе за беларускую мову выкладання, а потым многiя з iх здаюць iспыты па-беларуску. Аляксандр Аляксандравiч упэўнены: калi б моўная палiтыка ў дзяржаве змянiлася, многiя адразу перайшлi б на беларускую.

— Гэтак, на пачатку 1990-х пераважная большасць студэнтаў i выкладчыкаў прыхiльна паставiлiся да беларусiзацыi. Яе не прыняло кiраўнiцтва, — гаворыць ён. — I сёння шмат хто з калег мяне падтрымлiваюць, але ў самiх духу не хапае. Пра студэнтаў i казаць няма чаго. Большасць з iх ведаюць мову i iмкнуцца гаварыць са мной па-беларуску. Яны значна больш адукаваныя, чым былi мы, ведаюць, чаго жадаюць ад жыцця, а галоўнае разумеюць, што яны беларусы. Я веру ў iх.

 

"Беларушчына жыве ў свядомасцi"

У 1998-м 18-гадовы Павал КАСЦЮКЕВIЧ упершыню выправiўся ў Iзраiль, каб развiтацца з цяжка хворым дзядулем. Зямля Абяцаная так зачаравала хлопца, што ён вырашыў там застацца. Летась ужо 28-гадовы Касцюкевiч прэзентаваў у Менску першы ў гiсторыi пераклад з iўрыту на беларускую — зборнiк выбраных апавяданняў знакамiтага iзраiльскага пiсьменнiка Этгара Керэта "Кiроўца аўтобуса, якi хацеў стаць Богам". Нячаста ўбачыш, каб прэзентацыi пачаткоўцаў збiралi ўвесь лiтаратурны бамонд краiны. Касцюкевiчу гэта ўдалося. I не дзiва, бо ягонаму перакладу адмыслоўцы паставiлi найвышэйшыя адзнакi.

Заўважце: трое нараджэнцаў Беларусi ўжо станавiлiся прэзiдэнтамi Iзраiлю, яшчэ тузiн — мiнiстрамi. Але да Касцюкевiча не знайшлося чалавека, якi б перакiнуў мост памiж дзвюма культурамi.

— Мне пашанцавала, — кажа Павал, — бо мае школьныя гады прыпалi на перыяд нацыянальнага Адраджэння. Я скончыў беларускамоўную школу…

У Iзраiль ён ад"язджаў ужо свядомым беларусам. У Тэль-Авiве вывучыўся на псiхолага, потым пайшоў у рэкламны бiзнэс, але яго вабiла iншае. Удасканальваючы мову, ён пачаў перакладаць з iўрыту на беларускую. Пры поўнай адсутнасцi якiх-кольвек слоўнiкаў. Надта ж хацелася падзялiцца з суайчыннiкамi, чым жывуць i аб чым думаюць людзi ў iншых краiнах. Пераклады, гэтаксама, як i ягоныя постмадэрнiсцкiя творы, стала друкаваць "Наша нiва". I справа закруцiлася.

— Як табе за мяжой удалося захаваць беларускую мову? — гэта пытанне Касцюкевiчу задае ледзь не кожны, хто чуе ягоную лiтаратурную гаворку.

— А як вам у Беларусi ўдаецца заставацца беларусамi? Тут жа ўсё па-ресейску! — адказвае ён. — Кожны раз, вяртаючыся ў Менск, я са сваёй беларускай мовай пачуваюся "уцiсканай мяншыняй". Ведаеш, не важна, у якой краiне чалавек знаходзiцца. "Беларушчына" перадусiм жыве ў ягонай свядомасцi.

Узiмку Касцюкевiч у чарговы раз наведваўся на радзiму. Гэтым разам, каб выступiць з шэрагам лекцыяў аб iзраiльскай лiтаратуры перад студэнтамi-гэбраiстамi БДУ ды прэзентаваць сваю кнiгу ў розных гарадох Беларусi:

— Студэнты былi настолькi здзiўленыя, што нехта ў нас перакладае з iўрыту, i што цяпер мову можна вывучаць, паклаўшы перад сабой две кнiжкi Керэта — на iўрыце i на мове.

Апроч гэтага, ўжо даўно гатовы ягоны пераклад культавага рамана амерыканскага пiсьменнiка Курта Ванэгута "Бойня нумар 5", але ахвочых фiнансава падтрымаць выданне пакуль няма. А Касцюкевiч тым часам працуе над складаннем анталогii iзраiльскай лiтаратуры, якая ў ягоным перакладзе на беларускую можа пабачыць свет сёлета.

Эстафету ў беларуса ўжо пераняў амбасадар Iзраiлю ў Беларусi Зееў Бен-Ар"е, якi пачаў перакладаць на iўрыт Васiля Быкава.

 

"Зерне абавязкова прарасце"

Вы нiколi не чулi, як 4-5-гадовае дзiцё лапоча па-беларуску? Думаеце, гэта немагчыма? Зазiрнiце на iнтэрнэт-сайт "Нашыя дзеткi", якi штодня наведвае да 100 чалавек, i вы знойдзеце цэлую супольнасць беларускамоўных бацькоў, чыя дзецi з пялюшак ведаюць мову дзядоў i ня толькi яе.

А пачыналася ўсё два гады таму. Праграмiстка Юлiя МАЛАХОЎСКАЯ, гадуючы сына, пачала весцi iнтэрнэт-дзённiк, якi прачыталi дзве другiя беларускамоўныя мамы — Алiна Стэфановiч i Крысцiна Вiтушка. Так з'явiўся першы сайт для беларускамоўных бацькоў, якi не толькi змяшчае самую разнастайную карысную iнфармацыю што да выхавання дзяцей, але i гуртуе бацькоў.

— На пачатку, я не ведала нiводнай беларускамоўнай сям"i з маленькiм дзiцём. Сёння вакол сайта сфармавалася цэлая супольнасць, якая пастаянна расце, — распавядае Юлiя.

Яны разам вырашаюць надзённыя праблемы, адпачываюць i адзначаюць святы, уласнымi рукамi ствараючы для дзяцей тое, чым не можа забяспечыць iх беларуская канстытуцыя — беларускамоўны асяродак.

Галоўная праблема бацькоў сёння — недахоп беларускамоўных ясляў i садкоў. Афiцыйна такiя групы ёсць у кожным раёне, але часта яны iснуюць толькi на паперы, i людзям з iншых раёнаў цяжка туды патрапiць. Астатнiя перашкоды, звязаныя з русiфiкацыяй беларускага грамадства, на думку спадарынi Малахоўскай, пераадольваюцца.

— У вашай сям"i ўсё па-беларуску, але па ТБ паказваюць расейскiя мульты. Ваш сын не здзiўляецца?

— Яну толькi тры гады i ён яшчэ не вельмi адрознiвае мовы, — кажа Юлiя. — А мульцiкi ён глядзiць па-ангельску. У дзяцей з гэтым праблемаў увогуле няма. Навукоўцы лiчаць, што чым больш моваў дзiця чуе да 5 гадоў, тым прасцей яму потым авалодваць iмi. Залежна ад сiтуацыi, яны лёгка пераключаюцца з адной мовы на другую. Нядаўна назiрала за такiм цiкавым эпiзодам. Беларускамоўная дзяўчынка гадоў пяцi пытаецца ў беларускамоўнага хлопчыка, цi ведае ён вершык на расейскай (гэта ж для iх экзотытка!) "Ведаю, — адказвае той. — Але тут не тая кампанiя".

Ня трэба думаць, што беларускамоўныя бацькi жывуць у iзаляваным свеце. Юлiя з мужам збiраюцца аддаць сына ў добрую матэматычную школу, а значыць расейскамоўную, бо беларускамоўных такiх няма:

— Я не думаю, што ў школе Ян будзе размаўляць па-беларуску: дзецi прыстасоўваюцца да таго асяродка, у якiм знаходзяцца. I мы ня будзем яго прымушаць да гэтага, бо так можна толькi траўмаваць дзiцячую псiхiку. Але мы перакананыя, што зерне, якое мы сёння кiдаем у глебу, праз 15 гадоў абавязкова прарасце.

 

Прагноз экспертаў: беларуская стане мовай Еўразвязу

Паводле ацэнак ЮНЭСКА, палова з 6 000 iсных сёння моваў свету у найблiжэйшым часе могуць страцiць апошнiх носбiтаў.

Якi лёс чакае беларускую мову праз 50 гадоў?

Уладзiмiр АРЛОЎ, пiсьменнiк, гiсторык:

— Думаю, што пра 50 гадоў беларуская мова будзе адзiнай дзяржаўнай мовай у Беларусi i адначасова адной з моваў Еўразвязу. Беларусь абавязкова вернецца ў Еўропу, адкуль расейскiя войскi гвалтоўна вырвалi яе напрыканцы 18 стагоддзя. Хоць, безумоўна, улiчваючы гiстарычны шлях нашай дзяржавы i нацыi, я ўсведамляю, што Беларусь нiколi не будзе моналiнгвiстычнай краiнай, гэтаксама, як не будзе монаканфесiйнай. Але i без беларускай мовы i культуры мы страцiм дзяржаўнасць.

Што да прагнозаў пра знiкненне i смерць беларускай мовы, дык яны гучаць ужо некалькi стагоддзяў. Але нягледзячы на самыя неспрыяльныя ўмовы iснавання ў царскай i савецкай iмперыях, наша мова выжывала, знаходзiла свае нiшы, сутарэннi, лабiрiнты. I як толькi сiтуацыя рабiлiся больш спрыяльный, на ёй пачыналi гаварыць нават генералы беларускага войска, як тое было на пачатку 1990-х. Таму наперад я гляджу са стрыманым, але аптымiзмам. Калi б яго не было, я даўно б кiнуў пiсаць свае кнiгi i заняўся б нечым iншым.

Пятро ВАСЮЧЭНКА, лiтаратурны крытык, загадчык кафедры беларускай мовы i лiтаратуры Мiнскага дзяржаўнага лiнгвiстычнага ўнiверсiтэту:

— Не бачу прычынаў прадказваць смерць беларускай мовы, бо беларусы не унiкумы ў гэтым моўным сусвеце. Сёння на планеце больш за 5 000 моў, з якiх толькi каля 200 маюць сваё пiсьмо. Менавiта наяўнасць уласнага пiсьма i тысячагадовай лiтаратуры, як у нас, — гарантыя таго, што ў постглабалiзаваным грамадстве мова захаваецца. Яўрэi, якiя дзякуючы пiсьмовым крынiцам рэстаўравалi iўрыт, гэта ўжо даказалi.

Ёсць прагнозы, што ўсе нацыянальныя мовы сальюцца ў адну унiверсальную. Дык такая мова мiжнацыянальных зносiнаў ужо ёсць. Гэта ангельская з усiмi яе дыялектамi. Але гэта зусiм не замiнае развiццю астатнiх.

Каб мовы не знiкалi, аб гэтым клапоцяцца нацыi. Найбольш у свеце пра сваю мову дбае Францыя, ладзячы паўсюль фестывалi франкафанii. Мяркую, гэта норма, да якой усе народы прыйдуць значна раней, чым праз 50 гадоў.

Аляксандр ШАБЛОЎСКI, кандыдат фiлалагiчных навук, старэйшы навуковы супрацоўнiк Iнстытуту мовы i лiтаратуры iмя Якуба Коласа i Янкi Купалы НАН Беларусi:

— Беларуская будзе мовай iнтэлiгенцыi, навукi i высокай лiтаратуры. Упэўнены, ёй прыйдзецца пераадолець нямала перашкодаў. Верагодна, яна не стане мiжнароднай. Але як дыялектолаг, якi рэгулярна бывае ў вёсках, я бачу, што сiтуацыя сёння не такая страшная, як яе малююць.

Сутнасць праблемы ў тым, што развiццё нацыянальнай мовы, культуры — гэта цалкам натуральныя працэсы. Iх важна падтрымлiваць, але нельга прыспешваць. Таму перакананы: 50 гадоў нам хопiць, каб канчаткова адрадзiць родную мову.

 

Лiчбы ў тэму

Паводле вынiкаў апошняга апытання, зладжанага ў вераснi 2007-га незалежнымi сацыёлагамi пры садзейнiчаннi групы прафесара Манаева (удзельнiчала 1514 человек), 57,4% беларусаў паслугоўваюцца ў штодзёным жыццi расейскай мовай, 4,3% — беларускай, 14,6% — расейскай i беларускай, 22,5% размаўляюць на "трасянцы", 0,5% — на замежных мовах. Яшчэ 0,7% рэспандэнтаў адмовiлiся адказваць на пытаннi.

 
 
Категория: Культура | Добавил: Vladmin (27.02.2008)
Просмотров: 1874
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Все смайлы
Код *: