Галоўная » Артыкулы » История

Завалочыцы

ЗАВАЛОЧЫЦЫ (Заволочицы)

 

Вёска, цэнтр сельсавета і саўгаса «Завалочыцы». Вядома з 1626 г. як сяло ў складзе маёнтка Глуск Дубровіцкі Навагрудскага павета, шляхецкая ўласнасць. Ў XVIII ст. цэнтр маёнтка, прыватная ўласнасць. У 1790 г. маёнтак налічваў 70 двароў. 3 1793 г. у складзе Расійскай імперыі. У XIX ст. маёнтак належаў Быкоўскім. Мелася каталіцкая царква.

 У 1838 г. 15 жыхароў мужчынскага полу. У 1860 г. цэнтр аднайменнага маёнтка Бабруйскага павета Мінскай губерні, уласнасць памешчыка. У 1888 г. у маёнтку заснаваны вінакурны завод, дзе ў 1890 г. працавала 10 рабочых, мелася паравая машына. У 1897 г. 21 двор, 277 жыхароў, у Гарадоцкай воласці Бабруйскага павета. Меўся заезны двор. У 1917 г. 230 жыхароў (з іх 104 палякі).

 У 1922 г. у былым маёнтку Завалочыцы створаны першы ў раёне саўгас (38 рабочых). Гаспадарка мела 662 га зямлі, 30 плугоў, 1 трактар, 18 коней, 15 валоў, 69 кароў. У 1930 г. зямельная плошча саўгаса ўжо складала 1189 га. У адным будынку з канторай саўгаса размяшчалася і школа, якая была адкрыта ў 1924 г. 3 1927 г. у вёсцы дзейнічала метэаралагічная станцыя. У 1928 г. пабудавана невялікая гідраэлектрастанцыя. Дзейнічалі млын, лесапільня. У 1931 г. пабудавана майстэрня па рамонце трактароў і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі. Саўгас уваходзіў у Мінскі малочнапрамысловы трэст. У 1933 г. за ім было замацавана 3208 га зямлі. У 1933 г. адкрыты дзіцячыя яслі. У 1944 г. пачаў дзейнічаць саўгасны маслазавод.

 У Завалочыцах размешчаны комплекс буйной рагатай жывёлы, спіртзавод, машынны двор, піларама, устаноўка па перапрацоўцы кармоў для жывёлы, збожжасклад, ёсць аддзяленне сувязі, аддзяленне ашчаднага банка, Дом культуры, магазіны, сярэдняя школа, дзіцячы сад, бібліятэка з фондам больш за 8,6 тыс. кніг, амбулаторыя, аўтаматычная тэлефонная станцыя, спартыўная пляцоўка. На грамадскіх пачатках дзейнічае музей баявой і працоўнай славы. У 1996 г. 296 двароў, 695 жыхароў.

У. I. Пашкевіч, Т. Р. Чуракова.

"Памяць. Глускі раён". Мінск. БЕЛТА. 1999

 

 

У XIX пачатку ХХ ст. належала А.С.Жылінскай, Яксам-Быкоўскім, І.І.Жылінскаму. У маентку І.Жылінскага ўпраўляючым служыў Гедымін Булгак, жонка якога – Альдона, з'яўлялася роднай сястрой Ф.Дзяржынскаму. У 1879 – 1914 гг. дзейнічала вінакурня (1895 г. – 16 рабочых, паравая машина), у 1842-50 гг. – сукнавальная мануфактура. Назва ад: 1) валокаў; 2) ад "валочны памер". Да райцентра – 38 км, да чыгуначнай станцыі Старыя Дарогі – 26 км.

Г.Рыдзеўскі, І.Шаруха, Т.Шаруха. Частка VІ. Географа-статыстычны слоўнік Магілёўскай вобласці. Глускі раён. («Магілёўскі мерыдыян». Нататкі магілёўскага аддзела беларускага геаграфічнага таварыства. Том Першы – Выпуск Другі. Магілёў. 2001)

 

 

Категория: История | Добавил: Vladmin (28.05.2009)
Просмотров: 1510
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: