Галоўная » Артыкулы » История

Грабнiца у Барысаўшчыне

Грабнiца у Барысаўшчыне

 

Магiльны склеп—тое, што мясцовыя людзi называлi "грабнiцаю", узвышаўся над хмызняком пахавальнымi крыжамi, просценькiмi надмагiльнымi стэламi. Грабнiца адразу кiдалася у вочы не толькi сваiмi памерамi, але i беламармуровым на чатыры калены порцiкам, падставаю для якога была чорная блiшчастая плiта.

У вёсцы Барысаўшчына пад Глускам гэтым летам я шукаў пахаванне. Зусiм не тое, што у вёсцы называлi "грабнiцаю". Мне трэба было знайсцi тое, што некалi месцiлася на адной з пяшчаных выспаў пад Барысаўшчынаю, на ўскрайку лесу, за якiм пачыналiся паплавы Пцiчы. Трыццаць гадоў таму назад менавiта на тым пагорку археолаг Л. Побаль сярод вытаптаных каровамi сцежак разгледзеў вуглiстую пляму. Ён доўга выбiраў яе i знайшоў там рэшткi спаленага нябожчыка i абломкi адмысловай пасудзiны, якую спецыялiсты датуюць сярэдзiнай 2 тысячагоддзя да нараджэння Хрыстова. Мабыць, побач былi i iншыя пахаваннi таго часу. Знайсцi iх хацелася таму, што надзвычай адмыслова i нават фантастычна выглядаў гаршчок, знойдзены Побалем пры рэштках памерлага чалавека эпохi бронзы.

Грабнiцу я ўбачыў у першы ж дзень. Яе нельга было не заўважыць з вясковай вулiцы, настолькi выпадала яна з мясцовага усходнебеларускага каларыту, i варта было чакаць ад старых людзей надзвычайных аповедаў пра яе. Я не памылiўся. У доўгiх гутарках на лаўках перад хатамi бабы Таццяны, Iвана ды Васiля Ахрэмчыкаў граб­нiца, як, дарэчы, i мясцовыя паны Парэбскiя, згадвалася часта. Можа таму, што мая прасякнутасць "магiльнымi" пошукамi перадавалася iм...

Некалькi разоў грабнiца абрабоўвалася. Спачатку ў 20-я гады, а ў 60-я гады, расказваў Васiль Ахрэмчык, залезлi маладыя вясковыя хлопцы у склепшча ды выцягнулi касьцякi нябожчыкаў. Прыкрываючыся высахлымi постацямi памерлых, падкрадалiся да дзвярэй, за якiмi танцавала моладзь, i палохалi вясковых дзевак. А калi ужо усiх "перапалохалi", то не знайшлi больш разумнага занятку, як цягаць занядбаныя косьцi па Барысаўшчыне на вяроўцы. Пабачыўшы тое д'яблава блазнаванне, пайшлi старыя людзi па вёсцы, забралi знявечаныя астанкi ды знеслi iх у грабнiцу, а ўваход замуравалi.

3 размовы пра грабнiцу старыя перакiдвалiся на ўспамiны i вясковыя паданнi, у якiх часта згадвалiся пан i панi. Называлi яны iх Парэбскiмi цi Парэнскiмi.

Маёнтак Парэбскiх стаяў у канцы вёскi на беразе Пцiчы. Побач рос вялiкi панскi сад, месцiлiся агароды. Старыя гэта добра памяталi, бо калiсь дзецьмi лазiлi праз платы красьцi панскiя яблыкi i зялёнае шчаўе. Сёння тое месца — вялiкi вясковы выган, па ўскрайку якога стаяць хаты. Збоку адзiнока прытулiўся да старых дрэў шэры цагляны будынак крамы. Пасярод выганаў у бур'яне ўзвышаецца бетонны помнiк з прозвiшчамi палеглых у апошняй вайне салдат. Па выгану да ракi цягнецца дарога. Яна ўпiраецца у стромкi, заляпаны граззю i каравяком бетонны мост з ненадзейнымi iржавымi парэнчамi. Побач стары, звалены на бок драўляны масток. У празрыстай вадзе бачныя палi колiшняга млына. Казалi, млынарамi спрадвек былi тут яўрэi, якiх не стала у Барысаўшчыне яшчэ да вайны.

Дзед Ахрэмчык расказваў, як паны зрабiлi на Пцiчы купальню. Абгарадзiлi яе высокiм i шчыльным плотам. А калi iшлi купацца, то выстаўлялi служанак на варту перад агароджаю. Распавядаючы на тое, як ён з вясковымi мальцамi неяк падгледзеў панскае купанне, дзед не мог стрымаць смех. I ужо зусiм зайшоўся ад свайго бяззубага рогату, калi паказаў, як, нiбыта, пан пагладжваў у купальнi голую панi. Стары Ахрэмчык маладцаваўся перад бабулямi, а тыя сарамацiлi яго за хлусню.

Парэбскiя, мусiць, былi з добрых людзей. Неяк у аднаго беднага селянiна памёр нехта з родных. Няшчаснага нават не стаў слухаць мясцовы бацюшка, бо селянiн не меў грошай на адпяванне нябожчыка. Пан паспачуваў бедаку, прыслаўшы яму цэлых паўтара рубля грошай ды кошык з салам, хлебам, яйкамi, iншаю ежаю на памiнкi. Здаралася нават так, што у паноў зерне сканчалася раней, чым у багатых мясцовых мужыкоў. Апошнiя пазычалi Парэбскiм да новага ўраджаю.

Амаль кожны стары у Барысаўшчыне можа распавесцi пра тое, як у святочныя i нядзельныя днi у маёнтку запрагалi чацьверыком панскi фаэтон. Сытыя i дужыя конi пад шлеганне пугi неслiся па вулiцы. Вяскоўцы ведалi, што праз нейкi час панi будзе вяртацца з гораду i везцi куль пачастункаў. Калi на дарозе за вёскаю чуўся бразгат вупражы, да лавак перад хатамi выбягалi дзецi i зыч­на вiталi панi, а тая частавала малечу гарадскiмi прысмакамi.

Пасля вядомых восеньскiх падзей 1917 года Парэбскiя з'ехалi у Польшчу. Нейкi час панскае дабро заставалася некранутым. Потым то адзiн, то другi пацягнулiся тутэйшыя людзi да хлявоў, свiрнаў пана Парэбскага. Але нават тады, цвярдзiлi бабулi, як бы апраўдваючыся перада мною, бралi чужое не усе. Звычайна першымi хапалi дабро тыя, хто i раней вылучаўся сквапнасцю. Большасць жа разважыла так: браць чужое, няхай сабе i панскае, грэх, ды i пан можа вярнуцца.

Парэбскiя i сапраўды вярнулiся на нейкi час у Барысаўшчыну ўслед за польскiмi кавалерыстамi падчас польска-бальшавiцкай вайны. Жаўнеры адразу ж кiнулiся наводзiць належны парадак. Найперш адшукалi тых, хто пасквапiўся на чужую маёмасць, i адлупцавалi iх нагайкамi пасярод сяла. Афiцэр нават пагражаў некаторых застрэлiць, але выратавала iх панi, якая кiнулася са слязьмi на вачах, клянчыла, рукi цалавала, каб той адпусцiў сялян, бо тыя, небаракi, невiнаватыя, кралi чужое дабро ад беднасцi i гора, якое абрынулася на iх галовы праз праклятую вайну i бальшавiцкую рэвалюцыю. Старыя ўспамiналi, што з тых адлупцаваных вяскоўцаў толькi адзiн не скарыўся жаўнерам. Кажуць, прыцегся з той лупцоўкi дахаты, схапiў стрэльбу, пайшоў да дарогi, па якой ужо паехалi палякi, ды колькi разоў пальнуў iм услед...

Вечарамi я некалькi разоў заходзiў на вясковыя могiлкi. У змроку пад густымi высокiмi дрэвамi бялела мармуровымi каленамi пахавальнае збудаванне грабнiцы. Побач, перад ею, стаяла мармуровая стэла з крыжам наверсе. На крыжы засталiся дзiрачкi ад мацавання распятага Хрыста.

На правай палове могiлак спрад­век у Барысаўшчыне хавалi толькi паноў, злева — простых вяскоўцаў. I дагэтуль злева грувасцяцца шматлiкiя людскiя пахаваннi. Справа, там дзе ўзвышаецца грабнiца, расце густы хмызняк. Сярод яго пад дрэвамi трапляюцца пабiтыя каменныя помнiкi, якiя колiсь стаялi над могiлкамi Лукоўскага, Шарамеццевай...

Вярнуўшыся у Мiнск, я гартаў кнiжку з шляхецкiмi радаводамi, спадзеючыся знайсцi тыя згадкi пра Баляслава i Адальфiну Ланеўскiх-Ваўкоў, Парэбскiх. Ланеўскiя, як i Ланеўскiя-Ваўкi,—адзiн са старэйшых шляхецкiх родаў Рэчы Паспалiтай. Пачатак iх вядзецца з 16 стагоддзя. Лес роду непарыўны з лесам Беларусi, у прыватнасцi Гарадзеншчыны i Мiншчыны. Займалi самыя розныя дзяржаўныя пасады, неслi службу у войску Вялiкага Княства. Парэбскiя згадваюцца з 17-18 стагоддзяў. Сярод iх былi выдатныя iнжынеры, дзяржаўныя дзеячы, вайскоўцы, паэты...

Мусiць, сапраўды чалавечы лес невызначальны i непрадказальны, бо iнакш цi варта было нашчадкам Ланеўскiх-Ваўкоў усталёўваць прыгожую грабнiцу, якую праз нейкi час выпатрашаць, а ўладкаваныя на вечны пакой Баляслаў i Адапьфiна Ланеўскiя-Ваўкi будуць абрабаваныя i выцягнутыя на вулiцу, каб стаць забаўкаю для хеўры няўцямных землякоў. А мо непрадказальным застаецца лес Айчыны?..

Пахаваннi на месцы знойдзенай некалi за Барысаўшчынаю адмысловай пасудзiны я так i не знайшоў. Па выспе, акурат праз яе цэнтральную частку, пралегла шырокая мелiярацыйная канава. Глыбокiя сляды ад бульдозерных гусенiц разбягалiся як трэшчыны на паверхнi пагорка.

Цi варта памiраць на сваей зямлi?..
 

Мiкола КРЫВАЛЬЦЭВIЧ.

г. Мiнск.

"Радзма” № 77, 8.10.1997
 
 
Категория: История | Добавил: Vladmin (11.08.2009)
Просмотров: 1711
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: