Галоўная » Артыкулы » История

Імя тваё, продак
 

Імя тваё, продак

 

Працуючы над гісторыяй Глускага замка, я імкнуся шукаць усе магчымыя крыніцы, якія здольныя дапамагчы асвятліць самыя розныя бакі штодзённага быту людзей, што будавалі замак, валодалі ім, працавалі для яго, абаранялі яго, а значыць, жыхароў места Глуск-Дубровіцкі і воласці. Архіўныя дакументы займаюць у кожным гістарычным даследаванні далёка не апошняе месца. Адной з найбольш інфарматыўных крыніц нашых ведаў пра мінулае з’яўляюцца інвентары маёнткаў. Інвентары - гэта апісанні рухомай і нерухомай маёмасці валоданняў і залежнага насельніцтва. Пачынаючы з 17 ст., кожны магнат Вялікага Княства Літоўскага быў абавязаны складаць перыядычна інвентары, найбольшая колькасць якіх датуецца 18 ст., калі воласці часта здаваліся ў арэнду. Знайшліся такія дакументы і наконт Глуска, замка і воласці. Іх адносна шмат: два інвентары належаць да 17 ст., шэсць - да 18 ст., адзін - да 19 ст. Самы ранні з дакументаў датуецца 1638 г. Менавіта ў ім утрымліваецца першы вядомы поўны спіс жыхароў Глуска-Дубровіцкага. Калі я чытала-перачытвала іх імёны, зразумела, што самі па сабе яны з’яўляюцца цікавейшай гістарычнай крыніцай, якую дагэтуль чамусці даследчыкі не выкарыстоўвалі. Дык што ж могуць расказаць імёны продкаў?

Па-першае, імёны, прозвішчы, азначэнні пры іх у спісе жыхароў паказваюць іншаэтнічнае насельніцтва і ўказваюць, адкуль прыбылі новыя жыхары. Заўсёды нацыянальнасць указвалася для яўрэяў. Так з інвентара 1638 г. даведваемся, што ў Глуску-Дубровіцкім у той час жыло пяць яўрэйскіх сем’яў: арэндатар, Ішмой, Пейсах, Рахна, «Ескава жыдоўка». Яны займалі пяць пляцаў, адзін пляц быў аддадзены пад яўрэйскую школу. Асобныя прозвішчы могуць сведчыць пра перасяленцаў з іншых краін - Фёдар Чэх, Мазур Стас, Denis Magnus, Трафім Маскаль, Мішка Інны. У першай палове 17 ст. у Глуску пасяліліся некалькі казакаў - Еска Казак, Сава Підалбайло, Фёдар Козач. Шэраг імёнаў называюць населеныя пункты, адкуль прыехалі новыя гараджане. Некаторыя з больш аддаленых месцаў (Федок Кіеўскі), іншыя ж - з навакольных вёсак і фальваркаў. 3 Кольчыц - Павел Кальчычанін і Кірыла Кальчычанін, са Слаўкавіч - Іван Слаўкавец, з Кнышоў - Кнышэвіч, з Калацічаў пераехаў Максім Калаціцкі, з фальварку Старыгі - Максім Старыга, з Хваставічаў (тады Фаставічы) - Кандрат Фастаўлянін і Іван Фастаўлянін.

Больш прозвішчаў гавораць нам пра тое, чым займаліся некаторыя жыхары Глуска першай паловы 17 ст. Мяркуйце самі. Верамей Злотнік, Пётр Літнік, Грышка Чэканоўскі, Іван Клепец займаліся металаапрацоўкай. Пётр Харужы, Ананія Падвойскі неслі вайсковую службу, адказваючы за абарону замка і места. Ян Цесля, Яцка Ганчарэвіч, Іван, Всака, Амельян Брылевічы, Стэфан Пекар, млынар слабодскі, Яска і Грышка дымары, Лявон Пастух, Фёдар Казарэз працавалі дзеля задавальнення штодзённых патрэбаў жыхароў замка і горада. Іван Ловыш, Пётр Пселаўскі, Яска, псач вольны мелі дачыненне да арганізацыі палявання. Давід і Цімох Скрыпчыцы, Максім Шут дапамагалі найлепшым чынам бавіць вольны час. Сак Калідорын магчыма прыслужваў у панскіх пакоях у замку. Паколькі ў Глуску тады было чатыры хрысціянскія святыні (адзін касцёл, дзве уніяцкія і адна праваслаўная царква), то жылі тут і святары. Сярод гараджан, праўда, згаданы толькі Поп Васкрасенскі (г.зн. Васкрасенскай царквы, які валодаў адным пляцам), а таксама Чарка Паповіч (магчыма сын). Цікавае прозвішча меў Дмітр Фарб: ці ён вырабляў фарбы, ці фарбаваў штосьці, ці можа быў мастаком?

У некаторых імёнах адлюстраваліся назвы жывёлаў і птушак, рэчаў, якімі карысталіся людзі ў той перыяд, альбо страваў, якія елі. Да такіх адносяцца Амельян Верабей, Яска Перапёлка, Ванлей Жук, Фёдар і Анікей Лось, Іван Шпаковіч, Аліфер Заец, Еўтух Зайка, Даніла Зайковіч, Матвей Коршун, Дзямід Козел, Кандрат Туровіч, Іван Бобрык, Іван Лісіца; Васка, Сідар Ветошкі, Фёдар Міскевіч; Федок Булка, Пастэрнакава ўдава, Андрэй Часнок, Фёдар Кісель, Яска Сласцёна, Апанас Юшка.

I апошняе, можа самае важнае. Верагодна, сённяшнія жыхары Глуска пазнаюць сярод імёнаў гараджан 17 ст. свае прозвішчы, г.зн. даведаюцца пра сваіх продкаў, зразумеюць, што іх род налічвае ўжо не адно стагоддзе, глыбока ўросшы каранямі ў гэтую зямлю, і, можа быць, з яшчэ большай пашанай і адказнасцю будуць ставіца да ўсяго, што адбываецца тут.
 
Ірына Ганецкая
 

 

“Глуская панорама № 12-13 (39-40) июнь 2008 г.

 

 

 
Категория: История | Добавил: Vladmin (05.08.2008)
Просмотров: 1036
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: