Галоўная » Артыкулы » История

Летапіс адной вёскі, ці Як вынайсці рухавік часу?

 

У Глускім раёне ёсць вёска Завалочыцы. Жыхароў там няшмат. Але гісторыя вёскі вядома ад самых першых гадоў яе існавання, бо ў яе ёсць сапраўдны летапісец — Тамара Георгіеўна Кулік.

 

"Мне трэба ісці па зямлі"

Усё жыццё жанчыны звязана з Завалочыцамі. Тут яна нарадзілася, вырасла, скончыла школу. Пасля Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума пры размеркаванні папрасілася працаваць дадому. І вось ужо 32 гады працуе ў гэтым месцы.

— Мне пашанцавала, што я трапіла сюды, — упэўнена Тамара Георгіеўна. — Тут я ўсіх ведаю і мяне ўсе ведаюць. У горадзе мне цяжка было б жыць: там я не адчуваю сябе свабодна. Да таго ж я не люблю хадзіць па асфальце — мне трэба ісці па зямлі.

Яшчэ ў дзяцінстве, калі ўвечары ўся сям'я збіралася разам і бацькі пачыналі расказваць, што і калі адбывалася ў вёсцы, Тамара Георгіеўна ўсё запамінала, але і падумаць не магла, што калісьці толькі яна будзе ведаць гісторыю родных мясцін да дробязяў.

Завалочыцы з'явіліся на карце ў 1896 годзе дзякуючы таму, што інжынер Іосіф Жылінскі, вядомы сваімі экспедыцыямі па асушэнні балот, праводзіў у гэтых мясцінах меліяратыўныя работы. Таму і пабудаваў тут сабе палац, спіртзавод і прывёз на працу сваіх сялян. Адсюль і адна з назваў селішча: людзі прыйшлі з іншых валок. Але хлопцы не жаніліся з мясцовымі дзяўчатамі: лічылі, што тыя рабіць нічога не ўмеюць, таму і ехалі куды-небудзь шукаць нявест, а да завалочыцкіх дзяўчат прыязджалі іншыя жаніхі. Вось так і атрымалася, што карэнных жыхароў у вёсцы няма.

Справа ўсяго жыцця

— У пачатку дзевяностых гадоў усе бібліятэкары раёна атрымалі ўказанне сабраць гісторыю сваёй мясцовасці, — расказвае Тамара Георгіеўна. — І спачатку, шчыра кажучы, мне не хацелася за гэта брацца. Але цяпер краязнаўства стала для мяне вельмі блізкай справай. Хочацца пакінуць памяць сваім нашчадкам, зберагчы і данесці да іх нашу агульную гісторыю.

Збіраць звесткі жанчына пачала з таго, што звярнулася да ініцыятара стварэння краязнаўчага музея ў Завалочыцах — Казіміра Аляксеевіча Красноўскага. Ён ведаў шмат дат, што тычацца гісторыі вёскі, і дапамог сабраць Тамары Георгіеўне інфармацыю дарэвалюцыйнага перыяду. А потым яна хадзіла па ўсіх мясцовых арганізацыях, шукала там старажылаў і занатоўвала іх ўспаміны. Прыйшліся да месца і сямейныя аповеды.

Сваю кнігу Тамара Георгіеўна піша ад рукі: падрабязна запісвае туды ўсе падзеі, што адбываюцца ў Завалочыцах. Адкрыццё метэаралагічнай станцыі (у вёсцы з насельніцтвам каля трох соцень чалавек!), кошт прагляду першых кінастужак, адносіны людзей адно да аднаго, зімовая тэмпература ў памяшканні амбулаторыі падчас рамонту, прозвішчы людзей, што працавалі і працуюць у вёсцы... Чаго там толькі не знойдзеш! У кнізе запісана і тое, што ў мясцовым магазіне падчас будаўніцтва аграгарадка дваццаць скрынак гарэлкі і віна расходзіліся за чатыры дні.

Сабраныя звесткі дапамаглі Тамары Георгіеўне, калі ў 2002 годзе яна стала яшчэ і загадчыцай мясцовага краязнаўчага музея. Дарэчы, многія з яго экспанатаў ёй давялося шукаць самой: гліняныя гаршкі, чыгунныя прасы, качалкі для бялізны, вышыўкі, прыстасаванне для выціскання мёду з сотаў дзікіх пчол. Але яна ўжо ведала, у каго шукаць.

 

З усяго раёна да яе пачалі прыязджаць на экскурсіі школьнікі. А паказаць і расказаць жанчыне было што. Напрыклад, мясцовыя легенды пра тое, што ў пачатку мінулага стагоддзя Іосіф Жылінскі прайграў у карты свой маёнтак памешчыку Гатоўскаму. Там пераможца пасяліў сваю жонку, а яна падпаліла будынак, каб атрымаць страхоўку і разлічыцца з даўгамі свайго мужа. Аб памеры страхоўкі можна гаварыць па тым, што памешчыцы хапіла грошай не толькі на пагашэнне даўгоў, але і на пабудову новага маёнтка, які і сёння стаіць на адной з завалочыцкіх вуліц. На некалькіх падвор'ях яшчэ функцыянуюць дрэнажныя трубы, пакладзеныя Жылінскім у канцы ХІХ стагоддзя. А яго спіртзавод спыніў сваю работу толькі пяць гадоў таму.

Папяровы
"рухавік часу"

Некаторым жыхарам вёскі кніга дапамагла ў асабістых справах. Калі хтосьці ішоў на пенсію і ў яго ўзнікала пытанне са стажам, то былі патрэбны сведкі, якія б пацвердзілі, дзе чалавек працаваў і калі. Тады людзі звярталіся па дапамогу да Тамары Георгіеўны і хутка знаходзілі патрэбную інфармацыю на старонках яе летапісу. Мясцовыя настаўнікі і іх выхаванцы таксама нярэдка выкарыстоўвалі ў сваіх працах сабраныя аднавяскоўкай звесткі і потым атрымлівалі дыпломы і прэміі.

— Я вельмі шчаслівая жанчына, — усміхаецца Тамара Георгіеўна. — У мяне ёсць муж, дзеці і ўнукі, любімая праца. Мне іншага лёсу і не трэба. Я толькі хачу, каб на мяне не было крыўды ў справе, якой я займаюся, таму стараюся рабіць усё сумленна.

І нават калі на месцы сённяшніх Завалочыцаў будуць пустыя хаты і зараснікі травы за перакошаным плотам, людзі будуць глядзець на гэтыя мясціны зусім іншымі вачамі. І яна можа ганарыцца тым, што вынайшла своеасаблівы "рухавік часу", які дазволіць нашчадкам зазірнуць у мінулае. Трэба толькі перагарнуць старонку.

Вераніка МОЛАКАВА.

 

http://zvyazda.minsk.by/ru/archive/article.php?id=85863&idate=2011-09-14

 

 

Категория: История | Добавил: Vladmin (16.04.2012)
Просмотров: 2491
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: