Галоўная » Артыкулы » Общество

«Будзеш жыць, Мiколка!»

«Будзеш жыць, Мiколка!»

Здаецца, ён i сёння чуе той голас…

Мiкалай Булавацкi жыве пад Мiнскам, але часта наведваецца на сваю радзiму, у Глускi раён. Там i радасць дзяцiнства, i горыч, якую перажыў у гады Вялiкай Айчыннай вайны.

…У тую студзеньскую ранiцу 1943-га ўся сям’я Булавацкiх з вёскi Восава, апрача гаспадара, якi быў рэпрэсiраваны (пазней будзе рэабiлiтаваны) былi дома: Мiколава бабуля, мама, дзве сястрычкi... Рыхтавалi сняданак, збiралiся садзiцца за стол i раптам пачулi стук у дзверы. Увайшлi партызаны: "Немцы, як стала вядома нашаму камандаванню, рыхтуюць карную экспедыцыю. Падавайцеся ў лес, бярыце цёплыя рэчы, правiянт…”

Мiколкава бабуля вырашыла нiкуды не ехаць, а застацца пры доме: "Каму я патрэбна, што будзе, тое будзе!”

Мама ж запрэгла каня, якога немцы не паспелi адабраць, пасадзiла дзяцей у санi i павезла ў лес. Кiламетры, мабыць, на паўтары ад’ехалi, а далей не адважылiся. Там балоты. Ля разлапiстай ялiны сустрэлi ноч. Кастроў, каб не прыцягваць увагу, не разводзiлi. Грэлiся адзiн ля аднаго, накрыўшыся сенам i ўсякiм рыззём. Пратрымалiся суткi. I яшчэ паўдня. Марозы ўзмацнялiся, ад ветру скаланалiся дрэвы. Мацi вырашыла вяртацца ў вёску: маўляў, калi немцы не з’явiлiся да абеду, то i наўрад цi з’явяцца. Зноў пасадзiла ў санi сваiх дзяцей i дваiх суседскiх, а Мiколку пакiнула: "У наступны раз забяру”. Толькi даехала да дома, як на ганак выскачыла бабуля i пачала махаць сарванай з галавы хусцiнай, каб паварочвалi назад. Але было позна: немцы ў белых маскiровачных халатах выскачылi з-за хаты, адабралi каня, санi. Неўзабаве пачулiся стрэлы…

Мiколка, якому толькi мiнуў дзесяты гадок, разам з вяскоўцамi сядзеў у гэты час ля невялiкага цяпельца. На холадзе ўжо немагчыма было трываць. Раптам прыбягае перапалоханы суседскi хлопчык Мiкола Шымчык i расказвае, што адбылося.

…Сядзелi на печы. Нечакана ў хату забег фрыц. Ён стрэлiў у бабулю, якая i асела ля дзвярэй, потым палiў чэргамi. Мiколку пашанцавала: на яго ўпала адна з дзяўчынак, як бы прыкрыла сваiм целам. Падлетак бачыў, як гiтлеравец гаспадарыў у хаце: вывернуў сундук i пачаў у iм корпацца, быццам бы там каштоўнасцi, скарб. Потым ён успароў штыком сеннiк, растрос яго па падлозе i падпалiў… Хлапчына сядзеў на печы, баючыся зварухнуцца, пакуль не пачаў задыхацца ад дыму, якiм напаўнялася хата. Урэшце ён, перасiльваючы сябе, выпаўз на вулiцу, да блiжэйшага стажка. Гарэла ўся вёска – суцэльны шлейф агню. I тады ён з усiх ног кiнуўся ў выратавальны лес…

Пачуўшы пра страту блiзкiх, Мiколка зразумеў, што ў адно iмгненне яго жыццё перавярнулася: ён застаўся адзiн. Куды iсцi, у каго прасiць паратунку? Вяскоўцы, застаўшыся без жылля, разыходзiлiся хто куды, баялiся, каб часам немцы не высачылi. Толькi Мiколка нiяк не мог адважыцца сарвацца з месца… Нарэшце пайшоў куды вочы глядзяць… Колькi iшоў, не памятаў, пратупаў яшчэ пару соцень метраў i адчуў, што сiлы пакiдаюць яго, захацелася прысесцi, апанавала млявасць…

На шчасце, заўважыла хлопчыка суседка Хрысцiна Пруцук. Яна паставiла яго на ногi, пачала расцiраць твар, рукi. Паўздыхала i сказала на развiтанне: "А маё ты дзiцятка, што мне з табой рабiць? У мяне сваё гора, не ведаю, дзе знайсцi прытулак… Пайду нешта шукаць. I ты iдзi, не стой, мо на каго нарвешся…”

Хлопчык не ведаў, што яго шукае родны дзядзька, якi даведаўся пра трагедыю братавай сям’i. "Мiкола! Мiколка!” — выгукваў ён. А ў адказ — цiшыня. Дзядзька хадзiў непадалёку ад хлопчыка i нiяк не мог на яго натрапiць. Урэшце заўважыў чарнеючы грудок пад хвояй: "Мiколка, пляменнiчак мой, жывы ты цi не?” Ратаваў, як мог, падаспелi на дапамогу вяскоўцы… Агульнымi намаганнямi хлопчыка вырвалi з лап смерцi: "Будзеш жыць, Мiколка!”

У тыя днi гiтлераўцы арганiзавалi расправу над жыхарамi вёсак Белая, Калёсы, Паршчыха. Ад рук карнiкаў загiнулi 140 чалавек, i большасць з iх – дзецi. Двум Мiколам – Булавацкаму i Шымчыку — пашанцавала ўратавацца…

На жаль, Мiколу Шымчыка лёс не пашкадаваў у другi раз. У чэрвенi 1944 года, за тры днi да вызвалення раёна, немцы забралi яго на прымусовыя работы ў Бабруйскую крэпасць, i да гэтага часу невядома, дзе ён. Верагодна, загiнуў…

Што ж да Мiколы Булавацкага, то пасля вайны ён скончыў сямiгодку, затым Полацкi лясны тэхнiкум. Працаваў Мiкалай Пятровiч у Глускiм лясгасе. Пяцьдзесят год аддаў сваёй службе, а калi зняў, як кажа, зялёныя "лычкi”, пераехаў да дачкi ў Мiнскi раён.

Мiкалай ДАВIДОВIЧ, «Р»
"Рэспубліка” № 35 25.02.2010
 
 
Категория: Общество | Добавил: Vladmin (27.02.2010)
Просмотров: 1316
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: