Галоўная » Артыкулы » Kомитет самоуправления

Пытанні застаюцца

Погляд

Пытанні застаюцца
 

Не так даўно быў, што называецца, дэлегаваны настаўніцкім калектывам на раённую канферэнцыю па выбарах камітэта грамадскага самакіравання. Таго самага фарміравання, пра якое зараз так многа гавораць. Можа пагэтаму, калі ў школе напярэдадні праходзіў сход, дзе якраз і выбіраліся дэлегаты, выклікаў пэўную зацікаўленасць. Ва ўсякім выпадку да прысутных на ім намесніка старшыні раённага Савета народных дэпутатаў М. М. Шаўчэнкі і члена ініцыятыўнай групы С. Р. Брэус адрасавалася многа пытанняў.

У мяне іх таксама па-ранейшаму нямала. У прыватнасці, не атрымаў здавальняючага адказу, чым усё ж павінен будзе займацца камітэт грамадскага самакіравання? Усё, што ўдалося пачуць наконт гэтага, прагучала не занадта пераканаўча. На мой жа погляд, калі ўжо ставіцца нейкая задача, тым больш такая маштабная, то мэты трэба фармуляваць дакладна. Інакш будучая дзейнасць рызыкуе быць не вельмі канструктыўнай, стваральнай.

Памятаю, абмяркоўвалася і праблема, звязаная з тым, што камітэт будзе функцыяніраваць на грамадскіх пачатках, выказвалася сумненне, ці стане ён, не будучы афіцыйнай структурай, мэтанакіраваным, паслядоўным у сваіх дзеяннях. Маўляў, пры такім падыходзе нямала фармальнага назіралася ў свой час у рабоце партыйных, прафсаюзных, камсамольскіх арганізацый. Ці не «перацягнем» той былы негатыўны вопыт і сюды? Тым больш, што іншага ў нас няма.

Думалася, размова аб усіх гэтых немалаважных момантах пойдзе на раённай канферэнцыі. Аднак, на жаль, яе не адбылося. I па прычыне даволі празаічнай: прыйшла на яе толькі палова прадстаўнікоў калектываў. Цяжка сказаць, выпадковасць гэта ці заканамернасць? Можа, людзі ўжо не занадта вераць у магчымасць паправіць нешта да лепшага такім вось чынам.

Шчыра скажу, умацавала мяне ў такой думцы рэпліка, якую пачуў ад некага з членаў ініцыятыўнай групы. Змест яе звязаны з неабходнасцю пакараць кіраўнікоў, па ўсёй строгасці спытаць з іх за тое, што не «забяспечылі» яўку дэлегатаў. Вось тут ужо сапраўды добра ўспомніліся былыя «накачкі». 3 каго спытваць? А галоўнае, за што? Усё, наколькі разумеў, робіцца на грамадскіх пачатках і тое, што нехта падвёў арганізатараў канферэнцыі (а я іх таксама не апраўдваю), то гэта справа толькі іх сумлення. I не больш таго.

Словам, адносіны да стварэння камітэта грамадскага самакіравання ў мяне вельмі неадназначныя. Цяжка ацэньваць ва ўмоўным ладзе дзейнасць таго, што сябе яшчэ ніяк не праявіла і толькі робіць нейкую заяўку на дзейнасць. Таму застаецца пашкадаваць, што афіцыйныя ўладавыя структуры далёка не заўсёды аказваюцца на ўзроўні тых задач,якія даводзіцца выконваць. Упэўнены, будзь яно інакш, то і не ўзнікла б неабходнасці ў нейкіх дадатковых фарміраваннях. Бо як тут не разважай, а, на мой погляд, усё звыш таго, што даўно функцыяніруе і праверана жыццём, рызыкуе быць штучным і надуманым. Асабліва ў тых выпадках, калі, як ужо сказана вышэй, не мае дакладных мэт і задач. Хіба мы не пераконваемся сёння, як наша цяперашняя рэчаіснасць паставіла крыж на ўсім тым, што ўчора мы лічылі жыццёва важным і неабходным?
 
 

А. Сцегар, настаўнік Глускай СШ № 3.

Ганарар прашу пералічыць у фонд падтрымкі раённай газеты.

«Радзіма» 7.11.1992
 
 
 
 
 
Категория: Kомитет самоуправления | Добавил: Vladmin (08.08.2009)
Просмотров: 1047
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: