Галоўная » Артыкулы » Kомитет самоуправления

Пісьмо В. В. Вярыгі ў рэдакцыю райгазеты

ПІСЬМО В. В. ВЯРЫГІ Ў РЭДАКЦЫЮ РАЙГАЗЕТЫ

 

 

Вось чытаю нашу раённую газету i вырашыў таксама напiсаць. Тут у апошнiм артыкуле «Свая рука-ўладыка», а перад гэтым на такую ж тэму былi яшчэ два аб карабейніках, якiя ездзяць у Польшчу так званымi «турыстамi». Але адразу аб «Сваей руцэ...»

Такiя адносiны да размеркавання дэфiцыту iснавалi з першых дзён Савецкай улады i у газеце аб гэтым мы сталi пiсаць толькi зараз, у час вастрэйшага дэфiцыту. Вельмi позна занялiся гэтым, вядома, і то толькi пiсаць i не больш таго, i зноў жа толькi дзякуючы палiтыцы Гарбачова.

Я лiчу прымальным, калi свайму работнiку выдзелiлi халадзiльнiк, тэлевiзар, сценку або яшчэ якi-небудзь дэфiцытны тавар. А вось негатыўны бок гэтага выдзялення ужо павiнен рашаць калектыў. Калi чалавек набывае дэфiцытныя рэчы не для сябе, ды яшчэ, калi вядома, што не ў першы раз, то тут нiхто не перашкодзiць яму, акрамя калектыва.

Але калектыў у райспажыўсаюзе падабраўся вельмi «дружны» i вельмi паважаючы свайго начальнiка. Што каму нi выдзелiць - нiхто не пярэчыць. Да прыкладу, пры набыццi аўтамабiля «Волга», я б сказаў за вельмi ўмоўную цану, у т. Папкова не аказалася канкурэнтаў. I ўсё з-за сваей беднасцi, а можа сцiпласцi прагаласавалi «за», аднадушна прадаставiўшы яму права на набыццё гэтай нiкому «непатрэбнай» аўтамашыны.

І вось парадокс - не было канкурэнтаў, галасавалi, і лiтаральна праз тыдзень некаторыя таварышы гатовы былi за такiя ж машыны прапанаваць у дзесяць разоў больш грошай. Аказваецца, гэтыя бедныя таварышы, што галасавалi, не такiя ўжо i бедныя, проста з «павагi» да начальнiка не склалi яму канкурэнцыi.

Дзе ужо тут адмовiць сваiм работнiкам у пакупцы? Аб не «сваiх» i размовы быць не можа, - усё па спісах і ў парадку чаргi. Сацыялiстычная законнасць! Аб якой я i вырашыў пагаварыць са старонак газеты. Справа у тым, што я вельмi «няўдала» жанiўся. Уся бяда у тым, што мая жонка вельмi часта рыхтавала кандытарскiя вырабы. Цяпер, праўда, менш гэтым займаецца у сувязi з дэфiцытам цукру (няхай бы яго не было дзесяць гадоў назад), i мне прыходзiлася у гэтых умовах выконваць ролю мiксера. Спрачацца не было карысцi, таму што яе вырабы былі чамусьцi смачнейшыя), чым з магазiна, ды i дзецi былi на баку жонкi - ох, ужо гэтыя дзецi, чаго дзеля iх не зробiш! Мiксер мне перад выхаднымi нават снiўся, а праснешся... бярэш лыжку, спружынку, а многа пазней гэта пластмасавае падабенства на мiксер, i круцiш, пакуль не зламаеш.

Праўда, быў адзiн маленькi прасвет у маiм жыццi - набыў у г. Кішынёве мiксер, але ці ен не вытрымаў нагрузкi, а, можа ад няправільнай, але частай эксплуатацыi выйшаў са строю i пасля гэтага (а карыстаўся я iм амаль год) пачалiся мае чорныя днi. Шукаў мiксер заўсюды і ўсюды.

I вось даведваюся, што прыбылi мiксеры «Вiхор», вельмi добрыя мiксеры. I вось сiтуацыя - бачыць вока, ды зуб не дастаё. Прывезлi iх у гаспадарчы магазiн, кажуць - на нарыхтоўкi. Ну, думаю, пытанне вырашана. Кожны год мяса здаю. Я да Шарко, а ён мне кажа, што аддалi мiксеры па нарыхтоўшчыках. Я кажу: яшчэ ж не аддалi. Не, аддалi, - гаворыць. Я да нарыхтоўшчыкаў i даведваюся, што у спiсах мяне няма, ды i на гэтую тэму, маўляў, са мной нiхто не гаварыў, з чаго выходзiць, што ў нарыхтоўчай канторы таксама калектыў «дружны».

Тады толькi першыя карабейнiкi Глуска ехалi у Польшчу i там нашы мiксеры таксама у цане. І ўсё ж набыў я сабе адзiн мiксер з гэтай партыi i вельмi ўдзячны чалавеку, якi не нашкадаваў, паверыў у шчырасць маёй просьбы. Вельмi добры мiксер, палякi там, напэўна, таксама вельмi ўдзячны глускiм кiраўнiкам i пастаўшчыкам эннай колькасцi такой дэфiцытнай рэчы. Гэта яшчэ раз напамiнае простым смертным аб такой прыказцы: «Кожны свярчок павiнен ведаць свой шасток», якую нашы людзi семдзесят гадоў спраўна выконваюць.

Усе б нiчога, ды вось у сувязi з дэфiцытам паявiлася у мяне «прага» да алкаголю. Упершыню я сутыкнуўся з такой патрэбай, як гарэлка. Так яна патрэбна была мне, маёй мацi і цешчы, што я з жахам падумаў, калi нават я маю патрэбу у гэтым зеллi, то якi ж гэта мiзер сто дзевяноста чатыры самагонныя апараты на раён! Восень патрабуе вельмi шмат спiртнога. Таму i добра, здавалася б, што такi прадукт даюць па спiсах. Але па спiсах гэта на першы погляд, надзейна, - я так думаў. Паколькi ўсюды чэргi, а мне яшчо да пенсіі далека, то спісы гэтыя, здавалася б, выхад з майго становiшча на гарантаваны тавар.

Прыпiсан я для атрымання гэтага прадукта у магазiне в. Калацiчы. Прыходжу у лiпенi - вiно ўзяў, а гарэлкi няма, у жнiўнi — нi вiна, ні гарэлкi, у вераснi таксама i у кастрычнiку. У лiстападзе аддалi вiно. Ну, вядома аддаў таму, у каго пазычаў, 16 бутэлек. Добра, што хоць людзi верылi, што аддам, як толькi атрымаў. А вось з гарэлкай справа гiблая. Заходжу па гэтай прычыне да Папкова, растлумачваю сiтуацыю, чаму, маўляў, столькi месяцаў i ўсё iменна мне не хапае. Усмiхаецца. I позу, і мiмiку мог бы толькi адлюстраваць народны артыст Петрасян. Не дась зманiць Ю. Ф. Былiнскi, якi сядзеў тут жа. Ды вось, гаворыць, не давозiм - давязём. А калi?..

А тут так часта сталi ездзiць ў Гродна, Брэст, Польшчу, то, напэўна, не хутка яшчэ я атрымаю сваю гарэлку. Бедныя прадаўцы. Калi заходжу у магазiн, чырвонай фарбай пакрываюцца і зноў гавораць: «Не хапiла пасля чаргонай распрадажы гарэлкi». Я iм ахвотна веру, што у магазiн не давезлi, таму як сам бачыў (калi нiдзе не было гарэлкi), як пад’ехаў шафер Папкова, зайшоў у склад, узяў 6 бутэлек гарэлкi са скрынi (там яшчэ багата скрынь стаяла), паклаў у машыну i паехаў, а я хадзiў клянчыў, паказваючы паперку з сельсавета, што у мяне дзень нараджэння, i што на ўсiх гасцей, калi чаем паiць, цукру не хопiць. Так што, сам таго не жадаючы, я за 5 месяцаў не аднаго паляка забяспечыў гарэлкай, якая мне належала. Пры гэтым сам вымушаны шукаць у сувязi з тым, шго цукар дэфiцытны, а самагон з курынага памёту.

Так што вымалёўваецца такая карцiна, што спiсы i талоны таксама не для усiх гарантыя. Я памятаю ў нас выступал старшыня райвыканкама т. Шчэцька і запэўнiваў не ствараць ажыятаж па талонах: усе атрымаеце, толькi адразу, ведома ж, возьмуць усе хапугi. Вельмi ж доўга яны бяруць. Я і мая сям’я яшчэ нiводнага талона на абутак не атаварылi, але босым хадзiць не будзеш, i прьiходзiцца купляць на базары, хаця i па бешанай цане. Затое глускага абутку чамусьцi ў Гродна вывозяць вельмi багата. Камiсiя правярала атавараныя талоны i быццам бы усё сышлося. Можа таму, што за талоны прадавалi замест шкарпэтак тапкi, а замест зiмова-асеннiх бот - валяльны i гумавы абутак.

Так, амаль не забыў, па такому выпадку яшчэ раз «аддзякаваць» Шарко ад iмя элiтарнага грамадства здатчыкаў мяса, ягад, грыбоў нарыхтоўшчыкам, за кантроль над размеркананнем такiх маляўнiчых кофт, у якiх ходзяць самыя «лепшыя» здатчыкi нарыхтовак Глускага раёна. I, карыстаючыся выпадкам спытаць праз газету, хто сколькi здаў мяса i хто атрымаў за гэта якiя аўтамабiлi, і цi выдзялялiся для гэтага «Жыгулi»? А Вам, т. Шарко, не перашкодзiць такая реклама, таму што, напэўна, не апошняя будзе здзелка райзага са здатчыкамi. I як па гэтаму поваду працавала i будзе працаваць камiсiя?

Не падумайце, далi бог, што я спрабую штосьцi змянiць у жыццi «у руках усе трымаючых». Iменна бедная частка насельнiцтва паступова iдзе да дна. Аб гэтым я даведаўся выпадкова два гады назад ад тагачаснага другога сакратара РК КПБ т. Шаўчэнкi, калi у нас на сходзе у калектыве стары начальнiк уходзiў на пенсiю, т. Шаўчэнка заявiў: «Шукайце сабе начальнiка - у нас у раёне кадраў няма». Вось чаму iдзем i будем iсцi да дна. Нерадзiвых замянiць няма каму, будзьце задаволены тымi, якiя есць. Сярод кiраўнiкоў распаўсюджана п’янства, а якое рашэнне можа прыняць кiраўнiк з пахмелля? Я чуў ад аматараў «зялёнага змiя», што з пахмелля думаюць аб тым, як клiн клiнам выбiць. А калi ж тады думаць аб людзях, рабоце?

А вось зараз i аб «уладу трымаючых», г. з. савецкай уладзе. Не закрывайце вочы на такiх кiраўнiкоў, таму што ўсё заваляць. У любым калектыве прыладжваюцца да начальства. Гэта толькi здаецца, што паважаюць, асабліва п’яніц. Тэму можна працягваць з указаннем непасрэдна асоб злоўжываючых i прывядзеннем фактаў разгiльдзяйства. Але пакуль, здаецца, iх замянiць няма кiм.

Можа многiя падумаюць: якiя такiя кiраўнiкi п’янiцы? I з юрыдычнага пункту гледжання яны будуць правы таму, што у мiлiцыю і на медыцынскi агляд вязуць толькi рабацяг i нам. загадчыкаў i то не ўсiх. Чым часцей будуць трапляць у мiлiцыю па п’янцы кiраўнiкi, тым радзей туды будуць трапляць простыя рабочыя людзi. А пакуль усе у нас iдзе як у вядомым кiнафiльме: «Добрая работа, добры дом, машына, адданая жонка, што яшчэ патрэбна разгiльдзяю, каб дажыць да пенсii».

I ў заключэнне маленькi прыклад. Магазiн в. Заполле Хваставiцкага сельсавета. Чамусьцi туды ўсё заўсёды завозяць і па спiсах усiм хапае. У чым справа?

В. ВЯРЫГА, жыхар в. Калацiчы.

Па настойванню аўтара i удзельнiкаў мiтынгу, якi адбыўся 30 студзеня, пiсьмо друкуецца без скарачэння i з захаваннем стылю.

«Радзіма» 7.02.1992

 

Категория: Kомитет самоуправления | Добавил: Vladmin (18.03.2009)
Просмотров: 993
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: