Галоўная » Артыкулы » Kомитет самоуправления

"ЧП" Раённага маштабу

«ЧП» РАЁННАГА МАШТАБУ

 

 

Мясцовыя вастрасловы жартуюць: «У Глуску ўсё не па-людску». Маўляў, нашыя людзi любяць на фоне іншых выдзелiцца. Зрэшты, у святле апошнiх тут падзей з гэтым нельга не пагадзiцца. Глуск i сапраўды у канцы студзеня прагрымеў на ўсю рэспублiку. Шмат якiя сродкi масавай iнфармацыi паведалi аб факце галадоўкi тутэйшага жыхара ВIктара Вярыгi, якi абвясцiў яе на гарадской плошчы у знак пратэсту супраць «гандлёвага самавольства» i «цэнзуры у раённым друку».

Сыр-бор разгарэўся вось з-за чаго. Вiктар Вярыга, малады вадзiцель глускай службы гаргазу, за апошнiя паўгода не атрымаў у магазiне вёскi Калацiчы, дзе ён пражывае, сваю норму спiртнога, а у раённым каапнарыхтоўпраме мiксер за здадзенае туды мяса. Ён лiчыць, што вiной таму - дзеяннi калацiцкага заўмага Надзеi Верабей, старшынi райспажыўсаюза Рыгора Папкова, дырэктара каапнарыхтоўпрама Леанiда Шарко. Пра гэта Вярыга напiсаў артыкул у раённую газету, але тая яго не змясцiла. I тады вадзiцель пайшоў на крайнюю меру...

Вынiкам яго акцыi пратэсту стаў агульнараённы мiтынг, якi э мэтай разрадкi грамадскага становiшча быў склiканы старшынёй райвыканкама Віктарам Шчэцькам, дзе праца гандлёвых арганiзацый спажывецкай кааперацыi атрымала вельмi негатыўныя водгукi. Самай агрэсiўнай абструкцыi з боку выступаючых было падвергнута раённае кiраўнiцтва гандлем. Да пералiчаных вышэй асоб своеасаблiвымi персонамі «нон грата» на кiруючыя пасады у Глуску былі далучаны i аб’яўлены намеснiк старшынi райспажыўсаюза Алена Аўчыннiкава i намеснiк старшынi райвыканкама Людмiла Клыга. «Народнае веча», у якiм прыняло ўдзел некалькi тысяч чалавек, утварыла у той дзень спецыяльны грамадскi камiтэт па расследаванню злоўжыванняў службовым становiшчам адказных работнiкаў раёна. У склад выбранага камiтэта, акрамя ужо вядомага Вярыгi, увайшло яшчэ 13 найбольш актыўных публiчных выкрывальнiкаў «гандлёвай мафiі»...

Такі кароткi пераказ гэтай, будзем шчырымi, сумнай i малапрыемнай гiсторыi. «Ці была яна непазбежнай?» - услед падзеi задаюцца пытаннем сёння многiя тут жыхары, а найперш работнiкi спажывецкай кааперацыi, чый грамадскi аўтарытэт, па ўласнаму меркаванню, упаў да вельмi нiзкага ўзроўню. І сапраўды, цi была?

Добры дзесятак-другi сустрэч на глускай зямлi, пад час нядаўняй сюды камандзiроўкi, з людзьмi самых розных прафесiй i ўзростаў, ад калгасных пенсiянераў да старшынi райвыканкама, схiляе мяне да адмоўнага заключэння. 3 другога боку, нават павярхоўны аналiз дзейнасцi раённай службы гандлю райспажыўсаюза, яе кiраўнiкоў сведчыць аб амаль поўнай адсутнасцi інстынкту самазберажэння у маючых сёння месца экстремальных эканамiчных i сацыяльных умовах. Урэшце, давайце паразважаем.

Як нi парадаксальна, але мандат «народнага героя» Вярыга атрымаў з рук... самiх работнiкаў спажывецкай кааперацыi. Нi Папкоў, нi Шарко, нi Верабей, на чыiм шляху ён так цi iнакш аказваўся, не разгледзелi, як след, «змагара за справядлiвасць». Мiж тым, адметнасць яго - у змаганнi выключна за ўласныя iнтарэсы, а не, скажам, вясковага суседа цi гарадскога таварыша па рабоце, што легка ўгадваецца з надрукаванага пазней у раёнцы таго злашчаснага артыкула пра «гандлёвую мафiю». Зрэшты, пацвердзiў гэта i лютаўскi сход пайшчыкаў вёскi Калацiчы, якi абсалютнай большасцю галасоў выказаўся супраць патрабаванняў вадзiцеля гаргазу аб зняццi з пасады заўмага Верабей.

Але няўважлiвасць адказных службоўцаў райспажыўсаюза да грамадзянiна Вярыгi была не адзiнай іх памылкай. Тыя, асаблiва у апошнi час, нiбыта ільдзiны у вясновы крыгаход, наслойвалiся адна на другую. Самай спрыяльнай глебай для гэтага зрабiўся таварны дэфiцыт.

Блiзкасць вогнiшча выклiкае, як вядома, прыцягальнае жаданне пагрэць над полымем рукi. Знаходжанне ля мiксераў цi гарэлкi, не кажучы пра тэлевiзары ды халадзiльнiкi, попыт на якiя у шмат разоў перавышае задавальненне, не менш спакуслiва ўздзейнiчае на чалавечыя пачуццi. Аспрэчваць гэта возьмецца далека не кожны гандляр дэфiцытаў. Разам з тым, тут, як нiдзе больш, i найлепшае месца для iснавання спадара Року...

Менавiта Рок, ёсць такое меркаванне, абышоўся непачцiва з глускiм райспажыўсаюзам. Не вытрымала яго служба гандлю выпрабавання ўмовамi вострага таварнага голаду. Функцыi размеркавання сярод насельнiцтва прадукцыi хворай савецкай эканомiкi аказалiся ей не пад сiлу. Асобныя выпадкi злоўжывання службовым становiшчам мясцовых работнiкаў гандлю, падагуленыя на мiтынгу, аказалi рашаючы ўплыў на грамадскую думку.

Прынамсi, наiўна было б спадзявацца на iншы ход падзей, на тое, што абыйдзе яна маўчаннем, напрыклад, паводзiны загадчыцы магазiна «Дзiцячы свет» Шабанавай, якую супрацоўнiкi мiлiцыi затрымалі нядаўна пры вынасе дэфiцытных рэчаў на многiя сотнi рублёў. Або абыякава пройдзе мiма факта частых паездак тутэйшых работнiкаў прылаўка у суседнюю Польшчу, куды, як вядома, рэдка хто едзе з пустымi рукамi. Словам, шмат папрокаў (дарэчы, як справядлiвых, так і выдуманых) у свой бок давялося прынародна пачуць ад пайшчыкаў службоўцам райспажыўсаюза, асабiста яго кiраўнiку Папкову, якому прыгадалi, у прыватнасцi, выкупленую у роднай арганiзацыi «Волгу»...

Рыгору Емяльянавiчу тут сёння, бадай, цяжэй за ўсiх. У сувязi з нездаровай грамадскай думкай, якая склалася вакол яго iмя, быў ён вымушаны падаць у адстаўку. Праўда, канчатковае рашэнне па яго асобе, згодна статуту спажывецкiх таварыстваў, павiнен прыняць савет раённай арганiзацыi, пасяджэнне якога адбудзецца 6 сакавiка.

Зразумела, наперад складана загадваць пра характер будучага сходу. Тым не менш, будзем спадзявацца, што ён не абыйдзецца без дэталёвага аналiзу папярэдняга шляху Глускага райспажыўсаюза, што прывёў да «ЧП» раённага маштабу.
 
 

Мiхась СТЭЛЬМАК

«Рэспубліка» 6.03.1992
 
 
 
 
 
Категория: Kомитет самоуправления | Добавил: Vladmin (21.03.2009)
Просмотров: 875
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: