Галоўная » Артыкулы » Глусчане

Двойчы збягаў на фронт

Двойчы збягаў на фронт

- Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, былы танкіст, маёр у адстаўцы Васіль Ваўчок з Краснага Маладзечанскага раёна ў свае 86 гадоў вядзе актыўны лад жыцця. У сваёй невялічкай сажалцы разводзіць карасёў, а за хлебам у магазін ездзіць на мапедзе.

Ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Васілю Ваўчку, які жыве ў мястэчку Краснае, ніхто не дае 86 гадоў. Кажуць, што выглядае на 75. "У 75 я яшчэ падбрыкваў, а цяпер хаджу на мыліцах”, – усміхаецца Васіль Антонавіч. Хітрыць былы танкіст. Першым тэлефонным званком дома мы яго не засталі. Паехаў у магазін. На мапедзе...

Збегчы ў армію 15-гадовы Вася Ваўчок збіраўся яшчэ ў 1938 годзе, скончыўшы восем класаў школы ў родным горадзе Глуску, што на Палессі. Але здзейсніў свой намер толькі ў студзені 1942 года, калі вучыўся ў авіяцыйным вучылішчы ў крымскім горадзе Кача.

Кіраўніцтва вучылішча адмовілася адправіць хлопца на вайну. Два лісты, напісаныя Сталіну, плёну таксама не далі. І тады Васіль Ваўчок збег на таварным цягніку ў Маскву, бліжэй да фронту. У сталіцы яго сустрэў ваенны трыбунал. Старшага сяржанта, які хацеў абараняць радзіму, за ўцёкі з вучылішча абвінавацілі... у дэзерцірстве. Прысуд – сем гадоў выпраўленчых лагераў. Пакаранне адразу замянілі на службу ў штрафным батальёне. Потым штосьці наблыталі з размеркаваннем, і Васіль апынуўся ў інжынерна-міннай роце пятага танкавага корпуса на Заходнім фронце.

Мінёрам праслужыў да мая 1943 года. Потым – танкавае вучылішча пад Ташкентам. На фронт вярнуўся ў канцы 1944 у званні малодшага лейтэнанта.

Камандзір танка Васіль Ваўчок удзельнічаў у баях ва Усходняй Прусіі. У сакавіку 1945 у горадзе Пірытс гарэў у падбітым танку, быў паранены ў руку. Цудам выратаваўся і трапіў у шпіталь. Адтуль зноў збег на фронт, які стаяў ужо ў Берліне. Удзельнічаў ва ўзяцці нямецкай сталіцы.

У Красным Васіль Антонавіч з жонкай Раісай Сямёнаўнай жывуць ад 1956 года пасля накіравання капітана Ваўчка ў мясцовую вайсковую часць. У 1971 пабудавалі ўласны дом. Цяпер маюць двух сыноў, дзвюх унучак і праўнучку.

На кіцелі маёра ў адстаўцы Васіля Ваўчка – толькі баявыя ўзнагароды: два ордэны Айчыннай вайны першай і другой ступеняў, ордэн Чырвонай Зоркі, два медалі "За баявыя заслугі”, медалі "За ўзяцце Берліна”, "За вызваленне Варшавы” і "За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”. Юбілейных узнагарод у ветэрана не злічыць.


Сяргей ЗЯНЬКО

"Рэгіянальная газета»

15.05.2009

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Категория: Глусчане | Добавил: Vladmin (02.07.2009)
Просмотров: 1532 | Комментарии: 1
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: