Галоўная » Артыкулы » Глусчане

А што ў перспектыве?

А што ў перспектыве?

Хто з падлеткаў не марыць прамчацца па трасе за рулём самаробнага гоначнага аўтамабіля ці праехаць на мікратрактары? Або націснуць на кнопку стартавага прыстасавання і затым шукаць у блакітным небе белы купал парашута над мадэллю ракеты, якая апускаецца? Першы поспех у любым гуртку можа абудзіць у душы самага заўзятага двоечніка такія пачуцці, якія ўжо даўно заснулі пад манатонныя павучанні настаўнікаў і бацькоў.

 Заняткі ў гуртку даюць магчымасць вучням «прымераць» на сабе будучую прафесію ўжо з ранняга дзяцінства, а набытыя навыкі валодання інструментамі і апрацоўкі розных матэрыялаў спатрэбяцца заўсёды. Жыццё пацвярджае, што сярод самых актыўных наватараў — работнікаў вытворчасці па меншай меры восем з дзесяці далучыліся да навукова-тэхнічнай творчасці яшчэ ў школьныя гады. Вядома, што і першы касманаўт Ю. А. Гагарын, і генеральны канструктар касмічных караблёў С. П. Каралёў пачыналі з заняткаў у авіямадэльным гуртку.

 Наш Дом піянераў і школьнікаў — гэта фактычна ўсяго адзін пакой старога драўлянага будынка. Таму амаль усе гурткі мы вымушаны арганізоўваць на базе школ. Кіруюць імі настаўнікі працы і фізікі школ раёна. Для заняткаў выкарыстоўваюцца школьныя майстэрні і кабінеты фізікі. Пры падборы кіраўнікоў мы робім стаўку перш за ўсё на маладых настаўнікаў. Штогод на работу ў наш раён прыязджаюць пасля заканчэння ВНУ 10—15 педагогаў. 3 іх 3—5 мужчын. 3 імі знаёмімся на раённым камсамольскім сходзе маладых настаўнікаў. Прыцягваем да работы тых, хто раней сам займаўся у тэхнічным гуртку, каго вучылі арганізацыі гуртковай работы ў інстытуце (асабліва добра, на наш погляд, такая падрыхтоўка вядзецца ў Мазырскім педінстытуце), хто гэтай справай проста захапляўся.

 Для кіраўнікоў гурткоў тэхнічнай творчасці сумесна з райана праводзім раённыя семінары. У іх арганізацыі нам дапамагаюць супрацоўнікі Магілёўскай абласной станцыі юных тэхнікаў. Акрамя таго, наладжваем індывідуальныя кансультацыі, на якіх абмяркоўваем планы работы гурткоў, навінкі метадычнай літаратуры і іншыя пытанні. Гурткі забяспечваем метадычнай літаратурай і неабходнымі перыядычнымі выданнямі.

Аглядам работы гурткоў з'яўляецца раённая выстаўка дзіцячай тэхнічнай творчасці, якую арганізуем штогод. У час выстаўкі юныя тэхнікі абараняюць свае работы перад журы і гледачамі, дэманструюць іх у дзеянні. Пры гэтым ідзе інтэнсіўны абмен вопытам як паміж вучнямі, так і кіраўнікамі гурткоў. На працягу тыдня мы паказваем выстаўку ўсім, хто пажадае з ёй азнаёміцца, пасля чаго лепшыя экспанаты адпраўляюцца ў Магілёў, на абласную выстаўку.

 Калі мы знаёмім маладых настаўнікаў з вопытам работы лепшых кіраўнікоў тэхнічных гурткоў, то, вядома, у першую чаргу расказваем аб гуртку юных мадэлістаў — канструктараў сельскагаспадарчых машын і трактароў, якія створаны на базе Бярозаўскай сярэдняй школы. Кіруе ім настаўнік працы М. В. Шарамет. У арсенале гурткоўцаў два мікратрактары, самаходная касілка для заліўных лугоў, перасоўная майстэрня і многае іншае. Гурток быў узнагароджаны дыпломам I ступені і кубкам на Усесаюзным тыдні навукі, тэхнікі і вытворчасці для дзяцей і юнацтва, які праходзіў у Таліне ў студзені 1986 года. Мадэлі вырабаў бярозаўскіх умельцаў экспанаваліся на ВДНГ у Маскве ў павільене «Юныя тэхнікі і натуралісты».

 А вось гурток картынга, які вядзе малодшы брат Міхаіла Уладзіміравіча — Аляксандр Уладзіміравіч Шарамет, яшчэ толькі пачынае набываць папулярнасць сярод падлеткаў.

 Гурток картынга пачынаўся ў маленькай майстэрні ў аддаленай сельскай школе. У маладога настаўніка працы А. У. Шарамета былі толькі чарцёж карта, трубы з металалому, рухавік ад матацыкла «Усход». Праз паўгода на школьны стадыён выехала дзіўная машына, падобная на месяцаход. Задаволеныя аўтары незвычайнай канструкцыі Толя Кончыц, Федзя Мілішук, Ваня Грамыка і іншыя па чарзе ездзілі на самаробным карце, здзіўляючы дарослых, якія праходзілі па школьнаму двару да калгаснай канторы. Калёсы ад сельгасмашын, рухавік —матацыклетны, рама— з водаправодных труб. Адным словам, машына атрымалася трывалая. Але для спаборніцтваў непрыгодная — габарыты не падыходзілі.

 Новае жыццё гуртка наступіла, калі Аляксандр Уладзіміравіч перасяліўся з вёскі Докалі ў райцэнтр і пачаў працаваць у сярэдняй школе № 1. Магілёўская абласная станцыя юных тэхнікаў перадала гуртку дзве спісаныя рамы ад картаў. Набыць некандыцыйныя мапедаўскія рухавікі дапамагла Рэспубліканская станцыя юных тэхнікаў. Аляксандра Уладзіміравіча і на вуліцы, і ў школе акружалі хлопчыкі, энтузіясты новага для Глуска віду спорту. I вось першы карт «Піянер» гатовы. Пачалася даводка асноўных вузлоў. У школе не было месца. Карты ставілі ў Аляксандра Уладзіміравіча дома. Аднойчы яму давялося ўбачыць такую карціну: каля самаробнай машыны стаяў падлетак, адзін з членаў гуртка. Ён пагладжваў рукой матор і пяшчотна шаптаў: «Карт мой, карт...».

 Затым былі першыя спаборніцтвы ў Магілёве. Юныя картынгісты паспяхова прайшлі тэхнічную камісію, фігурнае ваджэнне.

 Мінула некалькі гадоў. Выраслі хлопчыкі, першыя ўдзельнікі гуртка картынга. Цяпер яны ўжо перайшлі ў 10-ы клас. Ростам усе на галаву вышэй свайго кіраўніка. На фотаздымак, дзе яны зняты разам са старой рамай ад карта, якая паклала пачатак гуртку, не могуць глядзець без усмешкі. Яшчэ б — цяпер у гуртку 10 гоначных машын. А гараж, які выдзеліла картынгістам школа, ужо ледзь змяшчае ўсе карты і астатнюю гаспадарку гуртка. На апошніх абласных спаборніцтвах картынгістаў-школьнікаў, якія праходзілі ў Магілёве вясной 1986 г., глускія вучні занялі чацвёртае месца, прапусціўшы наперад толькі магіляўчан. А ў спаборніцтвах удзельнічалі каманды з Магілёва, Бабруйска, Асіповіч, Шклова, Горак.

 Колькасць жадаючых запісацца ў гурток з кожным годам павялічваецца. У гурток прыйшлі дзяўчынкі. Ад школы да музычнай школы-новабудоўлі побач з шасэ будаўнікі праклалі асфальтаваную дарогу для пешаходаў, якую адразу ж ас-воілі картынгісты. Да аэрадрома сельскагаспадарчай авіяцыі, дзе картынгістам трэніравацца зручней за ўсё, дабрацца пакуль цяжка, няма транспарту для перавозкі картаў. Праблемай у апошні час стаў бензін — да гэтага часу ні райана, ні базавыя прадпрыемствы не выдзяляюць яго гуртку. Картынгістам даводзіцца купляць бензін за свае грошы. Ужо цяпер яго трэба не менш 30 літраў у месяц.

 У гэтым годзе ў картынгістаў з'явіліся ў раёне першыя паслядоўнікі — у сярэдняй школе вёскі Усцерхі адкрыўся матацыклетны гурток пад кіраўніцтвам маладога настаўніка фізікі і працы А. Ф. Чарнікевіча. У перспектыве, калі зробяць асфальтаваную дарогу, юнакі з мотагуртка будуць займацца картынгам,

 Гурткі тэхнічнай творчасці могуць захапіць дзесяткі школьнікаў цікавай і карыснай справай. Там яны вучацца пілаваць, габляваць, рэзаць, свідраваць, разбірацца ў чарцяжах і г. д. Але ўсё гэта магчыма толькі пры наяўнасці добрай матэрыяльна-тэхнічнай базы, чаго мы самі яшчэ не маем.

 У апошнія гады тэхнічная творчасць школьнікаў у нашым раёне прыкметна ажывілася. Але можна было б зрабіць яшчэ больш, калі б удалося вырашыць праблему кадраў. У школах не хапае настаўнікаў, асабліва мужчын, людзей творчых, энтузіястаў. У раёне амаль не затрымліваюцца маладыя спецыялісты.

 Праблема другая — гэта дэфіцыт памяшканкяў для заняткаў гурткоў. Сем гадоў назад, калі быў пабудаваны новы будынак школы-інтэрната, Дому піянераў і школьнікаў аддалі адну з былых пабудоў гэтай школы. Наша ўстанова заняла два пакоі, адзін з якіх — прахадны, другая палова будынка аддадзена фільматэцы райана. Ён стары, знаходзіцца ў аварыйным стане. Будаўніцтва новага Дома піянераў і школьнікаў было ўключана ў сацабавязацельствы раёна на 1984 год, але да гэтага часу яно не пачалося.

 Рэформа народнай асветы заклікана вырашыць многія праблемы навучання і выхавання падрастаючага пакалення. Важнейшая сярод іх—арганізацыя тэхнічнай творчасці школьнікаў.

 «На жаль, тэхнічных гурткоу, станцый юнага тэхніка нямнога, не могуць яны ахапіць усіх жадаючых. Ды і кіраўнікі не заўсёды добра падабраны, і з дэталямі і матэрыяламі цяжка», — гаварыў у «Учительской газете» лётчык-касманаўт СССР, Герой Савецкага Саюза В. Д. Зудаў. Яго выказванне слушнае і для нашага раёна. Раўнадушша ў гэтай справе можа абярнуцца вялікімі стратамі для вытворчасці, усяго грамадства.

І. КІРЫН, дырэктар Глускага Дома піянераў і школьнікаў.

"Настаўніцкая газета” 5.08.1987





Категория: Глусчане | Добавил: Vladmin (02.12.2009)
Просмотров: 1283
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: