Галоўная » Артыкулы » Глусчане

Спаборніцтвы пад аблокамі

Спаборніцтвы пад аблокамі

 У раённых спаборніцтвах юных мадэлістаў прынялі ўдзел каманды СШ № 2, Бярозаўскай, Завалочыцкай, Клятнянскай сярэдніх школ і санаторна - лясной. Праводзіліся яны па кордавых мадэлях самалётаў з мікрарухавікамі ўнутранага згарання, якія кіраваліся ў палёце пры дапамозе стальнога дроту - корду, і свабодналятаючых мадэляў - планёраў, гумаматорных, таймерных, ракет са стужкай.

 У класе кордавых пілатажных мадэляў патрэбна было за пэўны час запусціць рухавік, узняць мадэль у паветра і выканаць серыю фігур вышэйшага пілатажу. У гэтым відзе спаборніцтваў пераможцай стаў чацвёртакласнік СШ № 2 Вячаслаў Дзяшчэня, другое месца заняў таварыш па камандзе, дзесяцікласнік Віктар Дзяшчэня.

 У класе мадэляў планераў перамогу атрымаў васьмікласнік Бярозаўскай СШ Юрый Кульба. У сваім рэкордным палёце яго мадэль, пасля таго, як адчапілася ад 50-ці мятровага буксіровачнага леера, набрала вышыню і прызямлілася на адлегласці каля двух кіламетраў ад месца старту, пратрымаўшыся ў паветры 2 мінуты 25 секунд. Другое месца заняў васьмікласнік Клятнянскай СШ Сяргей Власевіч, на трэцім— Сяргей Дзяшчэня, дзесяцікласнік СШ № 2.

 Упартая барацьба ішла ў класе мадэляў ракет са стужкай. Маленькія ракеты з парахавым рухавіком адна за адной узляталі са стартавай устаноўкі і апускаліся затым на аэрадроме на вузкай папяровай стужцы, выкінутай з ракеты спецыяльным зарадам. Першае месца ў гэтым класе мадэляў заняў дзесяцікласнік СШ № 2 Сяргей Дарошка. Яго мадэль ракеты знаходзілася ў паветры 4 мінуты 20 секунд па суме пяці палётаў. Другое месца ў Аляксандра Радзюша — шасцікласніка Завалочыцкай СШ, трэцяе заняў чацвёртакласнік СШ № 2 Андрэй Сыцька.

 У агульнакамандным заліку першае месца заняла каманда авіямадэлістаў СШ № 2 (кіраўнік У. Ф. Бердышаў), другое — у каманды Клятнянскай СШ (кіраўнік А. У. Караленя), III месца — каманда Бярозаўскай СШ (кіраўнік М. У. Шарамет).

 Наперадзе ў юных авіямадэлістаў — абласныя авіямадэльныя спаборніцтвы.

 
 
 
 
 
 
Категория: Глусчане | Добавил: Vladmin (05.12.2009)
Просмотров: 1112
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: