Галоўная » Артыкулы » Глусчане

«Каб пачулі мысль маю…»

«Каб пачулі мысль маю…»

Значны пласт беларускай літаратуры ад яе зараджэння да нашага часу распрацавалі пісьменнікі, якія нарадзіліся на Случчыне ці нейкі час жылі і працавалі ў нашым краі. Калі зірнём у ХІХ стагоддзе, то сярод беларускіх пісьменнікаў, якія пакінулі найбольш прыкметны след у літаратуры, нельга не заўважыць каларытную, цікавую асобу Альгерда Абуховіча. Нарадзіўся ён 6 жніўня 1840 года ў маёнтку Калацічы Бабруйскага павета (цяпер Глускі раён) у памешчыцкай сям’і Рышарда і Караліны Абуховічаў, якія былі звязаны сваяцтвам з італьянскім арыстакратычным родам Бандзінелі. Адсюль – і псеўданім, якім пісьменнік падпісваў свае творы: Граф Бандзінелі.

З дванаццаці гадоў Альгерд вучыўся ў Слуцкай гімназіі, але яе не закончыў, бо бацькі адправілі яго працягваць вучобу ў Жэневу, а потым – у Парыж. За час замежнага жыцця юнак авалодаў англійскай, французскай, нямецкай, іспанскай, італьянскай мовамі. З-за мяжы Альгерд Абуховіч вярнуўся ў сувязі з паўстаннем Кастуся Каліноўскага (1863 – 1864 гады). Верагодней за ўсё, што ён прымаў удзел у паўстанцкім руху, але наўрад ці можна сцвярджаць, як хто-ніхто гэта робіць, што пасля разгрому паўстання Абуховіч быў сасланы ў Сібір. Даследчык жыцця і  творчасці пісьменніка краязнавец Рыгор Родчанка ў свой час у гістарычным архіве БССР вывучаў дакументы аб удзельніках паўстання па Слуцкаму, Ігуменскаму, Бабруйскаму паветах і нічога не знайшоў пра Альгерда Абуховіча. Магчыма, гэтыя дакументы, калі яны ёсць, яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў.

Дарэчы, не да канца вывучана і творчая спадчына Альгерда Абуховіча, які прыкладна з канца 1883 года – пачатку 1884 года жыў у Слуцку. Сюды А. Абуховіч пераехаў пасля таго, як сваякі прыгразілі аб’явіць яго вар’ятам за тое, што ён збіраўся аддаць свае маёнткі сялянам. У Слуцку ён кватараваў у доме на вуліцы Іванаўскай (цяпер Розы Люксембург), займаўся літаратурнай працай, сродкі на пражыццё зарабляў хатнім настаўнікам, рэпетытарам па замежных мовах у сем’ях багатых гараджан. Альгерд Абуховіч памёр у 1898 годзе (пахаваны на гарадскіх могілках на вуліцы 14-ці Партызан), адной з вуліц Слуцка ў мікрараёне Навадворцы прысвоена яго імя. Няма пакуль што сведчанняў пра тое, што хоць якія-небудзь творы пісьменніка былі апублікаваны пры яго жыцці. І гэта пры сцвярджэнні Максіма Гарэцкага аб тым, што А. Абуховіч «пісаў па-беларуску многа». Няма падстаў не верыць і Максіму Багдановічу, які ў 1915 годзе ў артыкуле «Белорусское возрождение» пісаў: «Ольгерд  Обухович, живший в Слуцке и оставивший, кроме массы оригинальных стихотворений, переводы из Мицкевича, Сырокомли, Лермонтова».  А былі ж яшчэ пераклады твораў Гёте, Петраркі, Шылера, Байрана, Пушкіна, Крылова і іншых паэтаў. То дзе ж яны падзеліся, як і «масса оригинальных стихотворений»?

Пытанне, на жаль, застаецца без адказу. Тым большую каштоўнасць мае для нас кніга А. Абуховіча «Творы», якую ў 1991 годзе выпусціла ў свет выдавецтва «Мастацкая літаратура». Укладанне кнігі зрабіў Рыгор Родчанка, ён жа – аўтар прадмовы і каментарыяў. У кнігу ўвайшлі верш «Дума а Каралю ХІІ», байкі «Ваўкалак», «Старшына», «Суд», «Воўк і лісіца», раздзел «З папераў Альгерда Абуховіча», успаміны Тодара Кулешы (Язэпа Дылы) «Пісьменнік-дэмакрат Альгерд Абуховіч», метрычны выпіс аб нараджэнні Альгерда Абуховіча.

Як бачым, у кнігу ўвайшла толькі невялікая частка творчай спадчыны Альгерда Абуховіча. Але ж і яна сведчыць, што ў другой палове ХІХ стагоддзя ў Слуцку жыў выдатны байкапісец, адзін з пачынальнікаў жанру байкі ў беларускай літаратуры. Высока ацэнены і яго мемуары (раздзел «З папераў Альгерда Абуховіча») у кнізе «История белорусской дооктябрьской литературы»: «Строго документальные мемуары Обуховича явились новым жанром белорусской литературы. Они свидетельствуют о значительном интеллекте автора, о его глубоких связях с общеевропейской культурой. Это ценный исторический документ и одновременно художественное произведение, написанное ярким языком». Калі хочаце пераканацца ў гэтым – зборнік твораў Альгерда Абуховіча ёсць у раённай цэнтральнай бібіятэцы, калі ласка, пачытайце.

Да ацэнкі Альгерда Абуховіча як выдатнага байкапісца і мемуарыста я дадаў бы яшчэ яго характарыстыку як смелага захавальніка і папулярызатара беларускай мовы. Чаму смелага? А вы ўспомніце, што пасля разгрому паўстання 1863 – 1864 гадоў былі сфармуляваны задачы і распрацаваны канкрэтныя меры па русіфікацыі насельніцтва Паўночна-Заходняга краю. І школьны настаўнік, і праваслаўны святар, і дзяржаўны чыноўнік, і афіцыйная газета настойліва і паслядоўна даказвалі беларусам, што яны – рускія, толькі «сапсаваныя» польска-каталіцкім уплывам, што ім як мага хутчэй трэба пазбавіцца ад сваёй «мужыцкай», «хамскай» мовы і зліцца з велікарусамі. Выкарыстанне беларускай мовы не дапускалася ні ў школе, ні ў дзяржаўных установах, ні ў друку (акрамя этнаграфічных публікацый).

І ў гэтыя змрочныя для беларушчыны часы ў Слуцку жыў чалавек, які размаўляў і пісаў на беларускай мове! Ураджэнец Слуцка Язэп Дыла ўспамінаў, як да яго бацькоў у 1893 ці 1894 годзе зайшоў у госці Альгерд Абуховіч і чытаў вершы на беларускай мове: «Я сядзеў і слухаў, як зачараваны, бо ўпершыню з вуснаў пана, хаця і ў паношанай вопратцы, прытым ад чалавека ўжо са срэбрам у валасах чуў «дзіва» – мілагучныя вершы на той мове, якой я, жывучы да дзевяці гадоў у сям’і дзеда і бабкі, карыстаўся, якую я лічыў прыгожай і якую я ў гімназіі бараніў перад сваімі аднакласнікамі, што яе ганілі і высмейвалі. Пісьменнік у маіх вачах цяпер паўставаў як абаронца мовы свайго народа, як вястун і чараўнік роднага слова».

Па вызначэнні літаратуразнаўца Адама Мальдзіса, Альгерд Абуховіч пісаў «яркай, сакавітай» мовай. А вось Францішак Багушэвіч у свой час заўважыў, што ў вершах А. Абуховіча «не ўсюды бываюць уласцівыя беларускай мове акцэнты». На гэты папрок Альгерд Абуховіч адказаў, што ў Беларусі ёсць нямала дыялектаў і паміж Магілёвам, Мазыром і Гродна бывае вялікая розніца не толькі ў акцэнтах, але і ёсць многа цікавых правінцыялізмаў. «Мне перш за ўсё ідзе аб тое, каб выказаць, што я хачу, каб пачулі мысль маю і каб словы карэнныя беларускія пры помачы нашай літаратуры  атрымалі як найшырэйшае абывацельства (распаўсюджанне. – А.Ж.). І дзеля гэтага я не сцясняю свайго дыялекту, ужываючы словы і звароты агульнабеларускія…». Вось гэтым – «каб пачулі мысль маю» – можна, на мой погляд, у многім патлумачыць творчыя імкненні Альгерда Абуховіча.


Фотарэпрадукцыя партрэта А. Абуховіча работы мастака Міхаіла Веціка



На вуліцы Абуховіча ў Слуцку

Анатолій ЖУК.

«Слуцкий край» 10.08.2010

http://s-k.by/ru/numbers?art_id=1722

 

Категория: Глусчане | Добавил: Vladmin (27.09.2010)
Просмотров: 1371
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: